Адносіны паміж Армэніяй і Беларусьсю пагаршаюць не заявы афіцыйных асобаў, а канкрэтныя нядобразычлівыя крокі. Гэта вынікае зь сёньняшняй заявы старшыні Нацыянальнага сходу Армэніі Алена Сіманьяна.
«Непаважлівае стаўленьне да Армэніі, партнэра па АДКБ, да армянскай дзяржаўнасьці пагаршае адносіны. Падрыхтоўка да 44-дзённай вайны разам з Азэрбайджанам пагаршае адносіны», — цытуе ягоны адказ на пытаньне пра армяна-беларускія стасункі Армянская служба Радыё Свабода.
«Палітычны курс — гэта пытаньне выбару кожнай дзяржавы. Для Рэспублікі Армэнія правы чалавека і свабоды ёсьць найважнейшымі каштоўнасьцямі. І я лічу, што кожная дзяржава выбірае свой шлях. Мы абралі шлях дэмакратызацыі Армэніі, яны — крыху іншы», — сказаў Сіманьян пра Беларусь.
5 траўня ў МЗС Беларусі выклікалі часовага паверанага ў справах Армэніі Артура Саргсяна і ўручылі яму ноту пратэсту. «Армянскаму дыплямату быў заяўлены рашучы пратэст і ўручаная адпаведная нота ў сувязі з апошнімі несяброўскімі дзеяньнямі армянскага боку», — паведаміла беларускае МЗС.
1 траўня сьпікер парлямэнту Ален Сіманьян заявіў, што ўлады Армэніі не дазволяць краіне ператварыцца ў другую Беларусь.
«Мы не дазволім ператварыць Армэнію ў губэрню. Мы ня будзем кіравацца так, як кіруецца Беларусь», — сказаў ён.
4 траўня прэс-сакратар МЗС Беларусі Руслан Варанкоў назваў гэтыя словы «перадвыбарчым папулізмам і адчайнай спробай адцягнуць увагу ўласных выбарнікаў ад сур’ёзных унутраных праблемаў».
6 траўня Сіманьян паўтарыў: «Армэнія ня будзе правінцыяй. Армэнія ня будзе ў палітычнай залежнасьці».
«Армэнія будзе падвышаць узровень свайго палітычнага сувэрэнітэту ва ўсіх адносінах, і прыклад кіраваньня Беларусі для маёй краіны і для мяне непрымальны. Армэнія — свабодная краіна з свабоднымі СМІ, правамі чалавека і вяршэнствам закону», — дадаў ён.
Што гэта можа значыць
Аналітык Свабоды Валер Карбалевіч лічыць, што за раздражненьнем уладаў Беларусі стаіць тое, што Ерэван мае свабоду выбару, магчымасьць палітычнай гульні між Расеяй і Эўропай. Чаго ня можа дазволіць сабе Менск, які цалкам залежыць ад Масквы. У дэмаршы беларускага МЗС, паводле Карбалевіча, прачытваецца і расейская пазыцыя. Улады Беларусі не ўпершыню заяўляюць тое, што з пэўных прычынаў няёмка казаць Маскве.
Форум