Пра турэмны рэжым, выезд зь Беларусі і тое, што яму дапамагала вытрымаць у беларускай турме, Анджэй Пачобут расказаў намесьніку рэдактара польскага выданьня wyborcza.pl Барташу Веліньскаму.
Сярод іншага, Анджэй заявіў, што абсалютна не чакаў вызваленьня.
«А першай гадзіне ночы ахоўнікі калёніі строгага рэжыму ў Наваполацку, дзе я правёў больш за два гады, адчынілі дзеверы маёй камэры. Яны сказалі мне ўставаць, бо нам трэба кудысьці ісьці. Я — навучаны вязень. Калі кажуць, што я павінен ісьці, то, чорт забірай, я павінен ісьці. Я зьбіраю рэчы, нарэшце пытаюся: куды вы мяне везяце? Мне кажуць, што мяне пераводзяць. Яны абшукваюць мае рэчы, потым мне кажуць, што я іду ў СІЗА № 1. Добра, я ўспрымаю гэта як чыстую манэту — што мяне пасадзяць у СІЗА. Але адбываецца нешта дзіўнае: мне дазваляюць пераабуцца, дазваляюць узяць бутэльку вады. Потым я зразумеў, што гэта не этап у турму ў Менску», — кажа ён.
Анджэй расказаў, што з гэтымі людзьмі накіраваўся ў Белавескую пушчу, у нейкі дом адпачынку каля мяжы. Вакол былі людзі ў масках, у машыне з нумарнымі знакамі беларускага КДБ — таксама ў масках.
«Там быў толькі адзін чалавек без балаклавы, намесьнік начальніка нейкага аддзелу. Ён сказаў мне, што мы едзем на волю. І што калі я захачу, я заўсёды магу вярнуцца з Польшчы; беларускі бок пагадзіўся. І я сказаў яму, што нікуды не паеду, бо ня веру яму. Я растлумачыў, што ня маю нічога супраць паездкі ў Польшчу, калі магу вярнуцца ў Горадню. Акрамя таго, я ня веру КДБ. Яны былі зьбянтэжаныя», — расказаў Анджэй Пачобут.
Яму далі новую вопратку і дазволілі прыняць душ. Турэмная вопратка Анджэя была настолькі зношаная, што ён баяўся занадта часта яе мыць, бо матэрыял мог парвацца.
Потым там зьявіўся чалавек, які назваўся супрацоўнікам адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі.
«Ён сказаў мне, што яму абяцаў сам Аляксандар Лукашэнка — і гэтае імя ня жарт — што мне дазволяць вярнуцца ў Беларусь. Праблемаў ня будзе. Ён паказаў мне фота, на якім відаць, што ў абмене ўдзельнічалі амэрыканцы. Прыехала таксама Анжаліка Борыс, кіраўніца Саюзу палякаў у Беларусі. Але самым важным для мяне было мець магчымасьць пагаварыць з польскім дыпляматам па тэлефоне. Я паўтарыў, што гатовы зьехаць, калі змагу вярнуцца», — расказаў Анджэй.
Анджэй Пачобут ведаў пра магутную хвалю салідарнасьці зь ім і высілкі польскага боку дзеля яго вызваленьні.
«Я ведаў. Такія рэчы нельга схаваць. Я адразу зразумеў, што Польшча закрыла свае межы з Беларусьсю. Гэта адразу распаўсюдзілася па ўсёй турме. З паводзінаў ахоўнікаў я здагадаўся, што ў маёй справе робяцца нейкія захады. Адразу адчуваецца, калі яны адкручваюць гайкі без прычыны. Ці як яны іх закручваюць, калі перамовы заканчваюцца тупіком».
Анджэй сьцьвярджае, што зьбіраецца вярнуцца ў Беларусь.
«Калі ўпусьцяць — добра. А калі пасадзяць зноў? Ну то пасяджу. Нэльсан Мандэла столькі гадоў сядзеў, жаўнеры Арміі Краёвай сядзелі», — кажа ён.
Ён кажа, што польскасьць у Беларусі — цяжкая справа:
«Адзін з нашых актывістаў з памежжа, паэт, спытаў, чаму быць палякам так цяжка. Менавіта. На гэтай шыраце, на жаль, гэта так».
Вызваленьне Пачобута
Анджэй Пачобут — журналіст, блогер, актывіст польскай меншасьці ў Беларусі і даўні карэспандэнт польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Яго арыштавалі ў 2021 годзе і асудзілі ў 2023 годзе за, як сьцьвярджалася, «варожую дзейнасьць» і «распаўсюджваньне нянавісьці». 28 красавіка 2026 году яго вызвалілі і вывезьлі ў Польшчу.
28 красавіка 2026 года на беларуска-польскай мяжы адбыўся абмен вязьнямі «5 на 5».
Польскаму боку перадалі Анджэя Пачобута (атрымаў 8 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў «нанясеньні шкоды нацыянальнай бясьпецы» і «распальваньні варожасьці»), польскага манаха-кармэліта Гжэгажа Гавэла (абвінавачвалі ў «шпіянажы», суд на момант вызваленьня не адбыўся), грамадзяніна Польшчы Томаша Бярозу (14 гадоў пазбаўленьня волі па абвінавачаньні ў «шпіянажы і агентурнай дзейнасьці»), а таксама двух грамадзян Малдовы, затрыманых у Расеі і абвінавачаных у шпіянажы.
Беларускі бок прыняў былога ўдзельніка беластоцкай харугвы (адзінкі) ваенізаванай арганізацыі «Паспалітае рушэньне» Ўладзіслава Надзейку (арыштаваны за перадачу ў Менск інфармацыі пра тых, хто атрымаў у Польшчы прытулак), былога намесьніка кіраўніка Службы інфармацыі і бясьпекі Малдовы Александру Бэляна (працаваў на беларускі КДБ), расейскага археоляга Аляксандра Буцягіна (затрыманы ў Польшчы на запыт Украіны, якая абвінаваціла яго ў незаконных раскопках на анэксаваным РФ паўвостраве Крым) і жонку расейскага вайскоўца, які служыць у Прыднястроўі (сэпаратысцкі рэгіён Малдовы), Ніну Папову. Пятае прозьвішча пакуль невядомае.
Хто такі Анджэй Пачобут
- Анджэй Пачобут — вядомы журналіст і грамадзкі дзеяч, сябра незарэгістраванага Саюзу палякаў Беларусі.
- Нарадзіўся 17 красавіка 1973 году ў Вялікай Бераставіцы (Горадзенская вобласьць). Яму 49 гадоў. Жыве ў Горадні. Жанаты, двое дзяцей: старэйшая дачка вучыцца ў Горадні ў мэдычным унівэрсытэце, малодшы сын ходзіць у школу.
- У 2002 годзе прыйшоў у журналістыку. Працаваў у першых незалежных горадзенскіх газэтах «Пагоня», «Дзень», «Мясцовы час», рэспубліканскай газэце «Народная воля», газэце СПБ на польскай мове Głos znad Niemna («Голас з-над Нёману»). Быў рэдактарам часопіса СПБ Magazyn Polski na uchodźstwie, карэспандэнтам буйнога польскага выданьня Gazeta Wyborcza. Займаўся тэмамі, зьвязанымі з гісторый спэцслужбаў СССР, антысавецкага супраціву ў Заходняй Беларусі, Арміяй Краёвай.
- 25 сакавіка 2021 году Андрэя Пачобута затрымалі, прыйшоўшы да яго зь ператрусам.
- Трох фігурантак «польскай справы» Ірэну Бярнацкую, Марыю Цішкоўскую і Ганну Панішаву у траўні 2021 вызвалілі ўзамен на выезд зь Беларусі. Пачобут адмовіўся ад такой прапановы. Старшыню Анжаліку Борыс у сакавіку 2022 вызвалілі зь СІЗА пад хатні арышт.
- У Анджэя хворае сэрца. Раней, асабліва ў сьпёку, у яго часта здараліся прыступы, ён слабеў, клаўся ў шпіталь праз парушаны рытм сэрца.
- За артыкул пра напад СССР на Польшчу ў верасьні 1939-га Анджэя Пачобута абвінавацілі ў «распальваньні варожасьці па нацыянальнай прыкмеце». У публікацыі Пачобут назваў напад СССР на Польшчу 17 верасьня 1939 году агрэсіяй. Таксама ў матэрыялах крымінальнай справы фігуравалі заявы журналіста ў абарону польскай меншасьці ў Беларусі, артыкул пра здушэньне беларускіх пратэстаў у 2020 годзе і тэкст 2006 году пра аднаго з камандзіраў польскага антыкамуністычнага падпольля на Горадзеншчыне.
- У 2023-м Пачобуту вынесьлі прысуд — 8 гадоў калёніі. 21 чэрвеня стала вядома, што палітвязьня перавялі ў наваполацкую калёнію № 1.
- 28 красавіка 2026 году быў вызвалены і вывезены ў Польшчу ў рамках абмену зьняволенымі.