Дзяцей-сірот, а таксама дзяцей, што засталіся без апекі бацькоў, за пяць гадоў пабольшала на чвэрць, сьведчыць праведзены «Позіркам» аналіз зьвестак Нацыянальнага статыстычнага камітэту.
На канец 2020 году такіх было 2122 чалавек, а на канец 2025-га — 2667 (+26,3%).
Разам з тым колькасьць дзіцячых дамоў сямейнага тыпу за пяць гадоў зьменшылася на 2,7% (з 291 да 283).
Пра што гэта сьведчыць
Колькасьць дзяцей, якія пазбаўляюцца сям'і, расьце хутчэй, чым магчымасьці іх усынавіць ці ўдачарыць у Беларусі. Пры гэтым у апошнія гады зьменшыліся і магчымасьці для такіх дзяцей трапіць у прыёмную сям'ю за мяжой ( у прыватнасьці, у краінах Эўразьвязу)
У Беларусі каля 2 тысячаў дзяцей, забраных ад 1,8 тысячы бацькоў, цяпер маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, паведаміла раней прадстаўніца Міністэрства адукацыі Алена Вайцяховіч. Прызнана, што 19 тысячаў дзяцей у 9 тысячах сем’ях знаходзяцца ў сацыяльна-небясьпечным становішчы (СНС).
Летась усынавілі і ўдачарылі на 7,9% дзяцей менш, чым у 2024-м, сьведчаць зьвесткі Вярхоўнага суду.
У 2025 годзе бацькоўскіх правоў былі пазбаўленыя 3065 чалавек.
30 верасьня 2025 году паведамлялі, што Беларусь не аднавіла працэдуру міжнароднай адопцыі (усынаўленьня ці ўдачарэньня) грамадзянамі Італіі. У 2020 годзе Эўрапейскі Зьвяз перапыніў кантакты ў гэтай сфэры з Менскам, гарантыйны ліст аб узгадненьні міжнароднай адопцыі паміж Італіяй і Беларусьсю ня быў падпісаны.