Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каля 2 тысячаў дзяцей забраныя ў бацькоў — Мінадукацыі

Сіроты школы-інтэрнату з Маладзечна
Сіроты школы-інтэрнату з Маладзечна

У Беларусі каля 2 тысячаў дзяцей забраныя ў 1,8 тысячаў бацькоў і цяпер маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне.

Пра гэта паведаміла сёньня прадстаўніца Міністэрства адукацыі Алена Вайцяховіч, піша інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Яшчэ 19 тысячаў дзяцей у 9 тысячах сем’ях прызнаныя, што знаходзяцца ў сацыяльна-небясьпечным становішчы (СНС).

«Па-ранейшаму застаецца актуальнай праблема сацыяльнага сіроцтва, калі дзеці трапляюць на дзяржаўнае забесьпячэньне пры жывых бацьках, — сказала Вайцяховіч. — Штогод больш як 85% выяўленых дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, перадаюцца на сямейную форму ўладкаваньня: на ўсынаўленьне, удачарэньне, пад апеку, у прыёмныя семʼі, у дзіцячыя дамы сямейнага тыпу».

Яна паведаміла таксама, што больш за 4500 беларускіх сем’яў выхоўваюць звыш 6800 усыноўленых дзяцей. Паводле яе слоў, штогод больш за 270 сем’яў робяцца кандыдатамі ва ўсынавіцелі і прымаюцца на ўлік у Нацыянальным цэнтры ўсынаўленьня. Таксама ў Беларусі больш за 5900 апякунскіх сем’яў, у якіх на выхаваньні знаходзіцца больш за 7500 дзяцей, і 1170 прыёмных сем’яў (2200 дзяцей). Акрамя таго, дзейнічаюць 285 дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, дзе пражывае больш за 1180 дзяцей. Па выніках 2025 года 90 бацькоў былі адноўленыя ў бацькоўскіх правах, паведаміла прадстаўніца Мінадукацыі.

Як вынікае зь лічбаў Вярхоўнага суду, у 2025 годзе бацькоўскіх правоў былі пазбаўленыя 3065 чалавек.

Пры гэтым у беларускай рэчаіснасьці статус сацыяльна-небясьпечнага становішча дзіцяці часам выкарыстоўваецца як інструмэнт палітычнага перасьледу бацькоў.

Агенцтва «Позірк» прыводзіць меркаваньне былой завуча гімназіі ў Ляхавічах (Берасьцейская вобласьць) Тацьцяны Крапіневіч. Яе эвакуавалі з краіны ў сьнежні 2024 году пасьля даносу праўладнай і прарасейскай актывісткі Вольгі Бондаравай.

Паводле Карпіневіч бацькі непаўналетніх у Беларусі «жывуць у пастаянным напружаньні, баяцца, што іх дзіця ў выніку даносаў будзе прызнаным такім, якое знаходзіцца ў сацыяльна-небясьпечным становішчы». На разгляд адпаведнай камісіі «могуць патрапіць бацькі з бездакорнай рэпутацыяй», паведаміла пэдагог.

Хоць дзеці забіраюцца зь семʼяў толькі ў крайніх выпадках, наданьне статусу сацыяльна-небясьпечнага становішча суправаджаецца «дакучлівым кантролем, інспэктары бесцырымонна правяраюць лядоўні, кантралююць побыт, праводзяць раптоўныя рэйды», кажа Карпіневіч.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG