Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Урад Беларусі зноў падтрымаў дзяржаўны канцэрн «ДорОрс» на мільёны даляраў, нягледзячы на ранейшыя страты

Крама «ДорОрс» у Менску, архіўнае фтота
Крама «ДорОрс» у Менску, архіўнае фтота

Беларуская дзяржава аплачвае працэнты па крэдытах кампаніі «ДорОрс», якую лічыць сацыяльна важнай для ўнутранага рынку, але гэта не дапамагае канцэрну выбрацца з даўгавой ямы.

Пастанова ўраду Беларусі ад 28 красавіка 2026 году «Аб прадастаўленьні субсыдый» прадугледжвае выдзяленьне дзяржаўнай кампаніі «ДорОрс» 16,5 млн. рублёў з рэспубліканскага бюджэту на выплату часткі працэнтаў за карыстаньне крэдытам.

У лютым 2026 году прэм’ер Аляксандар Турчын асабіста наведваў цяпліцы «ДорОрс» у Менскім раёне, правяраў, як выконваюцца ранейшыя інвэстыцыі дзяржавы ў гэтую кампанію. Ён заявіў тады, што Беларусь у выніку забясьпечыла сабе агуркамі «па прымальных коштах». Чаго гэта каштавала дзяржаве, ён не сказаў.

Апошняя адкрытая інфармацыя аб дзейнасьці ААТ — 2020 год. Гэтае ААТ атрымала тады невялікі прыбытак і нават заплаціла дывідэнды ў 2021 годзе, але вядома, што інвэстыцыйная дзейнасьць прадпрыемства тады прынесла страты.

Але гэта не спыніла ўрад Беларусі. «ДорОрс» быў выбраны вядучым прадпрыемствам для рэалізацыі стратэгіі разьвіцьця цяплічнага агародніцтва на 2023-2027 гады. Як паведамляў урад, «у рамках гэтай стратэгіі на ААТ „ДорОрс“ рэалізуецца некалькі праектаў» — па мадэрнізацыі сыстэмы электразабесьпячэньня цяпліц, па мадэрнізацыі цяпліц, будаўніцтва комплексу цяпліц па вырошчваньні кветак.

Мэтай стратэгіі было поўнае забесьпячэньне патрэбаў беларусаў у сьвежых агурках і таматах круглы год, каб Беларусь не залежала ад імпарту.

Сумы, якія былі накіраваныя на мадэрнізацыю і пашырэньне цяпліц, не паведамляліся. Аднак ужо ў 2023 годзе зьяўляецца пастанова ўраду «Аб прадастаўленьні субсыдый», у якой ААТ «ДорОрс» даюцца субсыдыі за кошт рэспубліканскага бюджэту «на аплату часткі працэнтаў за карыстаньне крэдытам».

Такія ж субсыдыі спатрэбіліся і ў 2026 годзе.

Бухгалтарскі балянс «ДорОрс» за 2024 год, які можна знайсьці ў інтэрнэце, сьведчыць, што канцэрн мае доўгатэрміновых крэдытаў і пазыкаў на 28 млн.рублёў, а кароткатэрміновых — на 13 млн. рублёў.

У наступным годзе праграма ўраду станчаецца, але неабходнасьць у дзяржаўнай падтрымцы ў ААТ «ДорОрс» — не.

Што такое «ДорОрс»

ААТ «ДорОрс» — вялікі холдынг, які ўключае ў сабе розныя галіны аграрнай вытворчасьці — саўгас, мясакамбінат, лікёра-гарэлачны завод, цяплічную гаспадарку, а таксама кавярні, рэстараны і 115 крамаў. ААТ зьвязанае з беларускай чыгункай. Доля дзяржавы ў статутным фондзе ААТ — 99,1%. Астатні пакет акцый належыць фізычным асобам, якіх больш за 200.

Раней ААТ «ДорОрс» уваходзіла ў склад Беларускай чыгункі, але цяпер функцыянуе як самастойная юрасоба. Кампанія мае разьвітую гандлёвую сетку па ўсёй Беларусі і выступае буйным рытэйлерам.

Кампанія выступае буйным удзельнікам кветкавага рынку Беларусі.

Раней былога генэральнага дырэктара ААТ «ДорОрс» Аляксандра Казлова асудзілі на 3 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму. Яго прызналі яго вінаватым у крадзяжы шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвам.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG