26 красавіка ў Менску з нагоды 40-годдзя аварыі на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі адбылася цырымонія ўскладаньня кветак да памятных знакаў «Ахвярам Чарнобыля» і «Камень міру Хірасімы». У ёй узяў удзел намесьнік міністра замежных спраў Беларусі Ігар Сякрэта.
На знак памяці, смутку і павагі да подзьвігу ліквідатараў разам з работнікамі МЗС кветкі ўсклалі прадстаўнікі пасольстваў Украіны, Японіі, Расеі, а таксама прадстаўнікі ААН і СНД.
Мерапрыемства прымеркавалі да Міжнароднага дня памяці аб чарнобыльскай катастрофе, абвешчанага ў 2016 годзе з ініцыятывы Беларусі ў час 71-й сэсіі Генэральнай Асамблеі ААН у адпаведнасьці зь беларускай рэзалюцыяй «Доўгатэрміновыя наступствы чарнобыльскай катастрофы».
Што важна ведаць пра аварыю на Чарнобыльскай АЭС
Аварыя на Чарнобыльскай АЭС 26 красавіка 1986 году лічыцца самай вялікай тэхнагеннай катастрофай XX стагодзьдзя.
- У атмасфэру было выкінута радыеактыўных рэчываў у 300 разоў больш, чым пасьля атамнага бамбаваньня Хірасімы ў 1945 годзе.
- З усіх краін ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы Беларусь пацярпела найбольш — на тэрыторыі Беларусі асела звыш 70% радыенуклідаў, найбольш забрудзіўся 21 раён.
- З 2,2 мільёна чалавек, якія жылі на забруджаных землях, эвакуавалі і адсялілі 138 тысяч, яшчэ каля 200 тысяч самі зьехалі з пацярпелых тэрыторый.
- У 1986 годзе падчас аварыі на ЧАЭС з разбуранага рэактара было выкінута 1850 пэтабэкерэляў радыенуклідаў, пры гэтым на долю радыеактыўнага цэзію прыпала 270 пэтабэкерэляў. Пэрыяд паўраспаду цэзію-137 — 30 гадоў.
Форум