Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Іране заявілі, што Хамэнэі супраць працягу перамоваў. А Трамп загадаў зьнішчаць караблі, што ставяць міны ў Армускай пратоцы

Дональд Трамп, архіўнае фота
Дональд Трамп, архіўнае фота

Сябра Камітэту нацыянальнай бясьпекі іранскага парлямэнту заявіў, што вярхоўны лідэр Муджтаба Хамэнэі супраць працягу перамоваў з Злучанымі Штатамі.

«Паводле нашай інфармацыі, ён рашуча выступае супраць любога працягу перамоваў у такіх абставінах, — заявіў Алі Хазрыян на дзяржаўнай тэлевізіі. — Іран прыйшоў да высновы, што ўдзел у перамовах без выразнага парадку дня — гэта толькі інструмэнт для ЗША, каб кіраваць энэргетычнымі рынкамі».

Дэпутат таксама сказаў, што ўсе мэты ЗША ў вайне з Іранам праваліліся. Сам жа Муджтаба Хамэнэі ні разу не зьяўвіўся на публіцы з моманту свайго прызначэньня вярхоўным лідэрам.

Прэзыдэнт ЗША тым часам перапосьціў спасылку на артыкул пад назвай «Трампу ня трэба ўгода, каб атрымаць ад Ірану тое, чаго ён хоча» калюмніста Washington Post Марка Тысэна. «Шчырая праўда!!!» — напісаў Трамп.

У папярэдніх допісах Трамп заявіў, што варожасьць паміж іранскімі «радыкаламі» і «ўмеранымі» стала «абсалютна вар’яцкай», зважаючы на тое, што ЗША «цалкам кантралююць Армускую пратоку». Між тым, згаданы Марк Тысэн у сваім артыкуле дае такую параду:

«Калі іранскі рэжым сапраўды „расколаты“ на фракцыю, якая хоча ўгоды, і фракцыю, якая не, — тады ёсьць простае рашэньне: зьнішчыць тую фракцыю, якая ня хоча».

Таксама Дональд Трамп заявіў, што аддаў загад адкрываць агонь па караблях, якія ставяць міны ў Армускай пратоцы, у тым ліку па невялікіх.

Трамп таксама паведаміў, што даручыў паскорыць разьмінаваньне Армускай пратокі.

21 красавіка — за содні да заканчэньня тэрміну рэжыму спыненьня агню з Іранам — Трамп абвясьціў працяг замірэньня, спаслаўшыся на просьбу ўладаў Пакістану. Трамп не назваў тэрмінаў, але адзначыў, што ЗША чакаюць, што ўлады Ірану сфармулююць адзіную пазыцыю на перамовах.

Галоўныя пытаньні перамоваў — ядзерная праграма Ірану, падтрымка Тэгеранам узброеных груповак у рэгіёне і кантроль над Армускай пратокай.

22 красавіка прадстаўнік кіраўніка іранскай пермоўнай дэлегацыі Мэгдзі Магамадзі абвінаваціў ЗША ў прыхаванай падрыхтоўцы ўдару па Іране.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG