Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад пачатку вайны больш за 140 расейскіх вайскоўцаў дэзэртавалі і ўчынілі забойствы

Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Ад пачатку вайны Расеі з Украінай сама меней 144 расейскія вайскоўцы зьбеглі са службы і потым учынілі забойствы.

Пра гэта піша праект «Север.Реалии» з спасылкай на зьвесткі расейскіх судоў. Паводле гэтых зьвестак, у 2022 і 2023 гадах за забойствы ў Расеі асудзілі сем дэзэртэраў і тых, хто самавольна пакінуў частку. У 2024 годзе іх было ўжо 26, а ў 2025-м — 86. У 2026 годзе ў суды паступіла ўжо 25 падобных справаў.

Гаворка ідзе менавіта пра дэзэртэраў і тых, хто самавольна пакінуў частку, а не пра ўдзельнікаў вайны ва Ўкраіне ў цэлым. Выданьне «Вёрстка» раней падлічыла, што за амаль чатыры гады вайны тыя, хто вярнуўся з фронту, забілі і пакалечылі ў Расеі больш за тысячу чалавек.

У 105 справах ужо вынесеныя прысуды. Абвінавачаныя атрымалі ад 8 да 13 гадоў зьняволеньня. Некаторыя справы былі прыпыненыя альбо спыненыя празь сьмерць абвінавачанага ці «адсутнасьць рэальнай магчымасьці ўдзелу абвінавачанага ў працэсе».

Раней праект Frontelligence Insight паведамляў на падставе вывучэньня адкрытых крыніц, што ўзровень дэзэртэрства ў расейскім войску ў 2025 годзе вырас удвая ў параўнаньні з 2024 годам.

Жыхары многіх рэгіёнаў скардзіліся на рост колькасьці забойстваў і іншых цяжкіх злачынстваў пасьля вяртаньня ў іхныя гарады тых, хто ваяваў ва Ўкраіне.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG