Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна аднавіла пастаўкі нафты ў Вугоршчыну і Славаччыну праз нафтаправод «Дружба»

Падстанцыя нафтаправоду «Дружба» ў Вугоршчыне
Падстанцыя нафтаправоду «Дружба» ў Вугоршчыне

Украіна ў сераду, 22 красавіка, аднавіла транзыт расейскай нафты па трубаправодзе «Дружба» ў напрамку Вугоршчыны і Славаччыны.

Міністар у справах ЭЗ Вугоршчыны Янаш Бока сёньня абвясьціў аб аднаўленьні транспарціроўкі сырой нафты па нафтаправодзе «Дружба».
Паводле яго слоў, транспарціроўка нафты зь Беларусі ва Ўкраіну аднавілася сёньня а 11:35 раніцы, гэта значыць, што нафта можа паступіць у Вугоршчыну ўжо сёньня, але не пазьней за заўтрашнюю раніцу.

«З пункту гледжаньня энэргазабесьпячэньня Вугоршчыны жыцьцёва важна, каб нафтаправод „Дружба“ працаваў, і каб нашая краіна магла рэальна скарыстацца сваімі легальнымі, таннымі і надзейнымі магчымасьцямі закупак праз яго», — напісаў ён у Facebook, адзначыўшы, што гэта «асабліва важна» на фоне крызісу на Блізкім Усходзе.

Міністарка энэргетыкі Славаччыны Дзяніса Сакава паведаміла сёньня таксама, што Браціслава атрымала інфармацыю аб аднаўленьні паставак нафты праз «Дружбу» ад «Укртранснафты».

«Паводле зьвестак «Укртранснафты», сёньня раніцай з украінскага боку пачалося запаўненьне нафтаправода „Дружба“», — напісала яна ў сваіх сацыяльных сетках.

21 красавіка прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што Ўкраіна правяла рамонтныя работы на нафтаправодзе «Дружба». Паводле яго слоў, нафтаправод можа аднавіць сваю працу.

Старшыня Эўрапейскай рады Антоніу Кошта падзякаваў прэзыдэнту Ўкраіны за «выкананьне дамоўленасцяў».

Транзыт па паўднёвым участку «Дружбы» спыніўся ў студзені.

У лютым Вугоршчына заблякавала як чарговы пакет санкцыяў ЭЗ супраць Беларусі і Расеі, гэтак і фінансавую дапамогу Кіеву з эўрапейскага бюджэту.

Сёньня амбасадары краін-чальцоў ЭЗ ухвалілі крэдыт у памеры 90 мільярдаў эўра для Ўкраіны і 20-ы пакет санкцый супраць Беларусі і Расеі. Канчатковае рашэньне мае ўхваліць Рада Эўразьвязу на саміце 23 красавіка ў Нікасіі.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG