Апэрацыі з карткамі MasterCard «Альфа-Банку» і «Белгазпрамбанку» робяцца недасяжнымі на тэрыторыі Эўразвязу і нават у інтэрнэт-крамах, зарэгістраваных у Эўропе. 21 красавіка ранейшыя папярэджаньні сталіся фактам.
Цяпер беларускія банкі падалі падрабязнасьці. Зь іх вынікае, што карткі MasterCard «Альфа-банку» перастануць працаваць у дзясятках краінаў: Аўстрыя, Баўгарыя, Бэльгія, Вугоршчына, Грэцыя, Данія, Злучанае Каралеўства Вялікай Брытаніі і Паўночнай Ірляндыі, Ірляндыя, Ісьляндыя, Гішпанія, Італія, Кіпр, Латвія, Ліхтэнштэйн, Літва, Люксэмбург, Мальта, Нарвэгія, Нідэрлянды, Нямеччына, Партугалія, Польшча, Румынія, Славаччына, Славенія, Фінляндыя, Францыя, Харватыя, Чэхія, Швэцыя, Эстонія.
У названых краінах ужо не заплаціць такімі карткамі ў крамах і інтэрнэт-крамах, зьняць гатоўку ў банкаматах, зрабіць пераказы з карткі на картку празь лякальныя службы.
Да 16 чэрвеня «Альфа-Банк» прыбраў камісію за зьняцьце ўласных сродкаў за мяжой, незалежна ад сумы. Тым, хто ня можа зьняць грошы ў банкамаце, прапануюць задарма пераказаць грошы на картку іншага беларускага банку праз сыстэму АРІП.
«Белгазпрамбанк» напісаў афіцыйна пра спыненьне працы MasterCard у Эўразьвязе. Сярод іншага, банк адзначыў, што карткі перастануць працаваць ва ўсіх інтэрнэт-крамах, зарэгістраваных на тэрыторыі Эўразвязу.
18 сакавіка ў Эўразвязе, Злучаным Каралеўстве, Ісьляндыі, Ліхтэнштэйне і Нарвэгіі перасталі працаваць карткі «Альфа-Банку» і «Белгазпрамбанку» ў сыстэме Visa.
Форум