Артыкул сьцьвярджаў, што Патэль зьяўляецца хранічным алькаголікам і ня здольны выконваць службовыя абавязкі, уяўляе пагрозу грамадзкай бясьпецы, уразьлівы для замежнага ўзьдзеяньня, а таксама парушыў этычныя правілы Міністэрства юстыцыі ЗША. Аўтарка тэксту, спасылаючыся на ананімныя крыніцы ў ФБР, сьцьвярджала, што Патэль некалькі разоў быў недаступны ў надзвычайных сытуацыях, а для яго вызваленьня з зачыненых пакояў запатрабавалася выкарыстаць «абсталяваньне для ўзлому дзьвярэй». У тэксьце таксама былі сьцьвярджэньні, што алькаголь уплывае на публічныя заявы кіраўніка ФБР аб расьсьледаваньнях крымінальных спраў, а сам ён часам паводзіць сябе неадэкватна, што ставіць пад пагрозу нацыянальную бясьпеку ЗША.
Патэль абвінаваціў выданьне ў паклёпе і просіць суд спагнаць з The Atlantic не менш як $250 млн. Дырэктар ФБР называе выкладзеныя ў артыкуле зьвесткі хлусьнёй і лічыць, што публікацыя ў цэлым была зламыснай і зьмяшчала фактычныя недакладнасьці. У пазове ён паказвае, што выданьне адчувае да яго даўнюю непрыязнасьць, а мэтай артыкула было не інфармаваньне грамадзкасьці, а спробы паўплываць на звальненьне дырэктара ФБР.
Кіраўнік ФБР падкрэсьлівае, што паведаміў выданьню аб ілжывасьці зьвестак, якія былі выкладзены ў артыкуле, калі The Atlantic запытаў яго камэнтары. Але выданьне яго паведамленьне праігнаравала: гэта, як сказана ў пазове, даказвае «зламыснасьць» паклёпу.
The Atlantic назвала пазоў Патэля «беспадстаўным». «Мы пацьвярджаем дакладнасьць нашых рэпартажаў аб Кашы Патэлі і будзем рашуча абараняць The Atlantic і нашых журналістаў ад гэтага неабгрунтаванага іску», — цытуе прадстаўніка выданьня CNN. У інтэрвію праграме MS NOW аўтар матэрыялу Сара Фіцпатрык заявіла: «Я пацьвярджаю кожнае слова, выкладзенае ў гэтым рэпартажы. У нас выдатныя юрысты».
Фіцпатрык заявіла, што апытала больш за два дзясяткі чалавек аб паводзінах Патэля, «уключаючы цяперашніх і былых супрацоўнікаў ФБР, супрацоўнікаў праваахоўных і разьведвальных органаў, членаў Кангрэса, палітычных дзеячаў, лабістаў і былых дарадцаў». Усе размаўлялі з ёй на ўмовах ананімнасьці, але, як сьцьвярджае Фіцпатрык, усе крыніцы «ахарактарызавалі знаходжаньне Патэля на пасадзе як правал у кіраваньні».
Іншыя выданьні пакуль не пацьвердзілі незалежна тое, што было выкладзена ў артыкуле The Atlantic.
- Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп таксама раней падаў некалькі судовых іскаў супраць СМІ на буйныя сумы. Адзін быў пададзены супраць брытанскай вяшчальнай карпарацыі «Бі-бі-сі»: Трамп абвінаваціў яе журналістаў у распаўсюджваньні паклёпніцкай інфармацыі з-за мантажу яго гаворкі, які сказіў сэнс сказанага. Ён патрабаваў $10 млрд у якасьці кампэнсацыі ўрону. Карпарацыя папрасіла прабачэньня ў Трампа, але зьвярнулася ў амэрыканскі суд з просьбай адхіліць пазоў, заявіўшы, што працяг справы акажа «стрымліваючы эфэкт» для СМІ пры асьвятленьні дзейнасьці прэзыдэнта ЗША.
- Яшчэ адзін пазоў на такую ж суму быў пададзены Трампам супраць выданьня Wall Street Journal. Ён тычыўся артыкула ад 17 студзеня 2025 года, у якім паведамлялася, што Трамп нібыта адправіў непрыстойную віншавальную паштоўку фінансісту Джэфры Эпштэйну. У артыкуле было абвяржэньне Трампа аб тым, што менавіта ён напісаў гэты ліст або намаляваў карцінку, сам палітык пазьней заявіў: «Гэта фэйкавы артыкул Wall Street Journal».
Форум