Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баўгарыі на парлямэнцкіх выбарах наперадзе прыхільнікі экс-прэзыдэнта, вядомага прарасейскімі поглядамі

Румэн Радэў на зьезьдзе партыі «Прагрэсіўная Баўгарыя» ў сакавіку 2026 году
Румэн Радэў на зьезьдзе партыі «Прагрэсіўная Баўгарыя» ў сакавіку 2026 году

На парлямэнцкіх выбарах у Баўгарыі, якія адбыліся 19 красавіка, перамогу атрымлівае «Прагрэсіўная Баўгарыя» – прыхільнікі былога прэзыдэнта краіны Румэна Радэва. Сёлета ў студзені ён сышоў у адстаўку з прэзыдэнцкай пасады, каб паспрабаваць выйграць выбары са сваёй партыяй і стаць прэм'ер-міністрам.

Пра лідэрства партыі прыхільнікаў Радэва сьведчаць некалькі апытаньняў на выхадзе з выбарчых участкаў, якія прыводзяць баўгарскія СМІ. Паводле агенцтва «Мяра», «Прагрэсіўную Баўгарыю» падтрымалі больш за 38% выбарнікаў. Апытаньне агенцтва «Трэнд» дае прыхільнікам Радэва 39% галасоў. Гэтага мала для таго, каб атрымаць у парлямэнце абсалютную большасьць, аднак выглядае, што без «Прагрэсіўнай Баўгарыі» нельга будзе сфарміраваць урад.

Папярэднія вынікі падліку галасоў будуць вядомыя раніцай у панядзелак. Яўка склала каля 46 працэнтаў – гэта больш, чым на папярэдніх выбарах.

Выбары ў Баўгарыі праводзяцца восьмы раз за апошнія пяць гадоў. Кожны раз урадавыя кааліцыі аказваліся недаўгавечнымі. Радэў абяцае нарэшце прынесьці стабільнасьць і правесьці неабходныя рэформы, у тым ліку ў сфэры барацьбы з карупцыяй.

Пры гэтым на пасадзе прэзыдэнта Радэў сыстэматычна крытыкаваў паводзіны NATO і асуджаў спробы Ўкраіны абараніць сябе ад расейскай агрэсіі. У сакавіку 2023 году на саміце Эўразьвязу, які абмяркоўваў закупку 1 мільёна снарадаў для Ўкраіны, Радэў ня даў згоды на ўдзел Сафіі ў гэтай праграме, а таксама выказаўся супраць паставак баўгарскіх боепрыпасаў ва Ўкраіну праз трэція краіны.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG