Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лявон Вольскі скасаваў выступ на канцэрце з расейскімі музыкамі ў Варшаве

абноўлена
Гурт VOLSKI  на канцэрце ў Вільні. Ілюстрацыйнае фота
Гурт VOLSKI на канцэрце ў Вільні. Ілюстрацыйнае фота

Вядомы беларускі музыка Лявон Вольскі паведаміў, што гурт VOLSKI ня здолее ўдзельнічаць у варшаўскім фэсьце Outloud.

«Мы вельмі добра ставімся да ўдзельнікаў гэтае маштабнае акцыі і хацелі падтрымаць іх у выказваньні антываеннай, антытаталітарнай пазыцыі, але так супала, што 12 чэрвеня, то бок, у час нашага меркаванага выступу, людзі, якія вызнаюць іншыя, адрозныя ад нашых, каштоўнасьці, будуць сьвяткаваць так званы „Дзень Расеі“. Выступ VOLSKI у гэты дзень можа быць няслушна зразуметы й нават выкарыстаны варожымі сіламі ў іхных дэструктыўных інтарэсах», — паведаміў Лявон Вольскі на сваёй старонцы ў Facebook.

Фэст Outloud пройдзе 12-13 чэрвеня ў Варшаве (Польшча). Рашэньне гурта VOLSKI выступіць на адной сцэне з расейскімі музыкамі выклікала спрэчкі беларусаў у сацыяльных сетках.

У канцэрце 12 чэрвеня будуць выступаць расейскія выканаўцы, якія пакінулі Расею і выказаліся супраць расейскай агрэсіі ва Ўкраіне: рэпэр Noize MC, сьпявачка Манэтачка, гурт «Машына часу», гурт Барыса Грабеншчыкова «Акварыюм», рок-гурт 20TOKENS. У афішы пакуль прысутнічае і гурт VOLSKI.

13 чэрвеня, як вынікае з афішы, на адной сцэне з расейскімі гуртамі заплянаваныя выступы беларускага гурта J:Морс, а таксама музыкаў Бi-2 (гурт ствараўся ў Беларусі). У публічнай прасторы яны пакуль не рабілі ніякіх заяў.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG