Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 18 красавіка. За «злоснае непадпарадкаваньне» у калёніях асудзілі больш за 80 палітвязьняў

Папраўчая калёнія № 11, Ваўкавыск. Ілюстрацыйнае фота
Папраўчая калёнія № 11, Ваўкавыск. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што за «злоснае непадпарадкаваньне» у Беларусі асудзілі больш за 80 чалавек.

«Перасьлед паводле артыкулу 411 Крымінальнага кодэксу ў Беларусі стаў сыстэмнай практыкай пасьля 2020 году. Важна адзначыць, што гэты артыкул, як і раней, таксама актыўна выкарыстоўваецца супраць звычайных зьняволеных як сродак узмацненьня дысцыплінарнага кантролю і пакараньня за парушэньні рэжыму. Гэта сьведчыць пра ўнівэрсальны характар інструмэнту ціску», — адзначылі праваабаронцы.

Паводле праваабаронцаў, вядома, што з больш за 80 палітвязьняў, асуджаных паводле гэтага артыкулу, 45 усё яшчэ знаходзяцца ў зьняволеньні. Пад перасьлед за «злоснае непадпарадкаваньне» трапляюць як тыя, у каго ўжо заканчваецца асноўны тэрмін і яны хутка мусяць выйсьці на волю, так і тыя, каго асудзілі на 15-20 гадоў.

Цяпер на падставе прысуду паводле артыкулу 411 утрымліваюць, прынамсі, Мікіту Емяльянава (асуджаны ў 2025 годзе на 7 гадоў), Уладзімера Кнігу (асуджаны ў 2021 годзе на 6 гадоў), Паўла Аўчарова (асуджаны ў 2021 годзе на шэсьць з паловай гадоў зьняволеньня) і Андрэя Любецкага (асуджаны ў 2022 годзе на 5 гадоў пазбаўленьня волі).

Цяпер палітычнымі вязьнямі паводле сьпісу цэнтру «Вясна» зьяўляюцца 875 чалавек (з пачатку прэзыдэнцкай кампаніі-2020 палітвязьнямі былі 4 585 чалавек), а паводле сьпісаў праваабарончай ініцыятывы dissidentby — 958 палітвязьняў.



Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG