Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Супраць палітвязьня Ціхана Восіпава распачалі другую крымінальную справу за «непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі»

Ціхан Восіпаў, архіўнае фота
Ціхан Восіпаў, архіўнае фота

За час зьняволеньня ў яго пачаліся сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Палітвязьня, інжынэра Ціхана Восіпава ўтрымліваюць за кратамі больш за пяць з паловай гадоў. У 2021 годзе яго асудзілі да 11 гадоў калёніі паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу. Потым яго асудзілі за «злоснае непадпарадкаваньне адміністрацыі калёніі» паводле арт. 411 КК: першы раз яму дададалі сем месяцаў пазбаўленьня волі.

Цяпер былая палітзьняволеная Антаніна Канавалава паведаміла, што супраць Восіпава распачалі другую крымінальную справу паводле гэтага ж артыкулу. Паводле яе, Восіпаў знаходзіцца ў вельмі цяжкіх умовах — ён правеў больш за 200 сутак у штрафным ізалятары і рэгулярна туды зьмяшчаецца, у 2024 годзе знаходзіўся ў памяшканьні камэрнага тыпу і два месяцы ў рэжыме інкамунікада, лісты і перадачы да яго не даходзяць.

19 траўня 2021 году Менскі гарадзкі суд прысудзіў Ціхану Восіпаву 11 гадоў зьняволеньня. Яго прызналі вінаватым у наступным:

  • замаху на забойства пяці байцоў унутраных войскаў МУС праз наезд на іх аўтамабілем,
  • удзеле ў масавых беспарадках,
  • заведама ілжывым даносе пра злачынства.

Паводле суду, пасьля інцыдэнту, які адбыўся ў ноч на 11 жніўня 2020 году на вуліцы Прытыцкага ў Менску, дзе праходзілі масавыя пратэсты супраць фальшаваньня выбараў, Восіпаў утапіў аўтамабіль у сажалцы, а паведаміў, што нібыта яго скралі.

Асуджаны не прызнаў віны паводле артыкулу аб замаху на забойства і заявіў, што будзе абскарджваць прысуд.

Суд на Ціханам Восіпавым праз замену судзьдзі ў ходзе працэсу фактычна адбыўся двойчы. На абодвух працэсах байцы ўнутраных войскаў, якіх прызналі пацярпелымі ад наезду, давалі паказаньні, якія не пацьвердзілі вэрсіі сьледзтва пра замах на іхныя жыцьці з боку Ціхана Восіпава. Таксама пацярпелыя ня выставілі на судзе матэрыяльных прэтэнзій да Восіпава, бо, зь іхных словаў, не палічылі, што атрымалі значныя траўмы.

Ціхан Восіпаў паўтараў у судзе, што не знарок наехаў на сілавікоў, якія стаялі на праезнай частцы дарогі, а зрабіў гэта ад стрэсу, які перажываў у момант нападу на ягоны аўтамабіль узброеных невядомых людзей. Паводле Восіпава, калі на яго наставілі зброю, ён паспрабаваў зьехаць зь небясьпечнага месца і «на некалькі сэкундаў нахіліў галаву», а таму «мог ня ўбачыць і зачапіць некага на дарозе».

Што да эпізоду пра махлярства з утопленым аўтамабілем, дык тут віну Ціхан Восіпаў цалкам прызнаваў. Малады чалавек тлумачыў свой учынак тым, што не хацеў, каб жонка ведала аб праблемах, у якія ён трапіў.

XS
SM
MD
LG