Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка перасьледу 17 красавіка. Улады прызналі «экстрэмісцкімі» яшчэ дзьве ініцыятывы і дапоўнілі сьпіс «экстрэмістаў»

абноўлена
Будынак КДБ, Менск. Ілюстрацыйнае фота
Будынак КДБ, Менск. Ілюстрацыйнае фота

Свабода вядзе храналёгію судоў, затрыманьняў, іншага перасьледу з палітычных матываў у Беларусі.

У праваабарончым цэнтры «Вясна» паведамілі, што Камітэт дзяржаўнай бясьпекі Беларусі папоўніў сьпіс так званых «экстрэмісцкіх» фармаваньняў.

У прыватнасьці, у сьпіс дадалі плятформу «Тры сланы», да якой маюць дачыненьне Павал Лібер і Даніла Гаркавы. Плятформа зьмяшчае прапановы пляну мірнага транзыту ад дыктатуры да дэмакратыі, а таксама інфармацыю аб выбарах у Каардынацыйную раду. Гэта ня першы сярод праектаў і лічбавых аплікацыяў Паўла Лібера, які ўлады прызналі «экстрэмісцкім».

У сьпіс трапіла ініцыятыва «Вольныя», якая дапамагае беларускім палітвязьням аднавіць жыцьцё пасьля вызваленьня і атрымаць усебаковую падтрымку. Паводле КДБ, да гэтай ініцыятывы датычныя Вераніка Станкевіч, Дзьмітры Фурманаў, Юлія Люзіна, Юлія Ганецкая, Агата Шніп, Артур Удрыс, Дар’я Давыдзька.

Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі абнавіла сьпіс «экстрэмістаў»

У пералік грамадзян Беларусі, замежных грамадзян і асобаў без грамадзянства, якія маюць дачыненьне да «экстрэмісцкай» дзейнасьці, дадалі яшчэ 21 прозьвішча. Цяпер у сьпісе 6526 чалавек.

Сярод іншых у сьпіс дадалі сямейную пару зь Берасьцейшчыны — Вольгу і Дзьмітрыя Капузаў.

Вольгу абвінавацілі паводле артыкулаў 295 («незаконныя дзеяньні ў дачыненьні да агнястрэльнай зброі, боепрыпасаў і выбуховых рэчываў») і 289 («акт тэрарызму») Крымінальнага кодэксу. Яе асудзілі на 21 год пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Яе мужа Дзьмітрыя асудзілі паводле тых жа артыкулаў на 24 гады пазбаўленьня волі ў калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Вольгу трымаюць у калёніі № 4 у Гомлі, месца зьняволеньня Дзьмітрыя спрабуюць высьветліць праваабаронцы.

У сьпіс «экстрэмістаў» таксама дадалі валянтэрку з Наваполацку Іну Коласаву. Згодна з інфармацыяй МУС, жанчыну асудзілі ў Віцебскім абласным судзе паводле ч. 1 і ч. 2 артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу (садзейнічаньне «экстрэмісцкай» дзейнасьці).

Праваабаронцы цэнтру «Вясна» мяркуюць, што ёй прызначылі «хатнюю хімію».

У 2020-м Іна Коласава была заснавальніцай і каардынатаркай валянтэрскай ініцыятывы «Помоги врачам Полоцк-Новополоцк». Падчас пандэміі Covid-19 ініцыятыва дапамагала лекарам: знаходзіла для іх сродкі індывідуальнай абароны, дэзраствор, спэцыяльнае абсталяваньне.

У 2022 годзе навапалачанка высадзіла маленькі сквэр пад назвай «Добрый доктор» — на знак удзячнасьці лекарам, якія дапамаглі самой Іне перамагчы небясьпечны вірус.

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG