Гэтая атака ў паўднёвай правінцыі Кахраманмараш стала ўжо другім падобным выпадкам за апошнія два дні, што шакавала краіну, дзе страляніна ў школах зьяўляецца рэдкай зьявай.
З 13 параненых шасьцёра знаходзяцца ў рэанімацыі, стан траіх зь іх ацэньваецца як крытычны.
«Вучань прыйшоў у школу з зброяй у заплечніку. Мы мяркуем, што пісталеты належалі ягонаму бацьку. Ён зайшоў у дзьве клясы і ўсчаў бязладную страляніну», — паведаміў губэрнатар правінцыі Мюкерэм Унлюер.
Каб уратавацца, вучні выскоквалі з вокнаў другога паверху.
Паводле губэрнатара, нападнік быў сынам былога паліцыянта. У яго было пяць пісталетаў і сем магазынаў да іх. Ён загінуў ад сваёй жа кулі.
«Пакуль не да канца зразумела, ці было гэта наўмыснае самагубства, ці стрэл адбыўся выпадкова сярод агульнага хаосу», — дадаў Унлюер.
Паліцыя затрымала бацькоў нападніка, паведаміла афіцыйнае агенцтва Anadolu.
Днём раней 18-гадовы юнак адкрыў агонь з драбавіка ў ліцэі, дзе вучыўся раней. Ён параніў 16 чалавек, пасьля чаго скончыў жыцьцё самагубствам падчас сутыкненьня з паліцыяй.
У Турэччыне строгія законы што да захоўваньня зброі. Да гэтага тыдня выпадкі школьнай страляніны ў краіне фіксаваліся вельмі рэдка.
Форум