Пілётам мотадэльтапляну, які разьбіўся 14 красавіка пад Менскам, быў музыка Руслан Іваноў. Пра гэта ў Instagram паведаміў ягоны сябар Сяргей Лапкоўскі.
Сяргей Лапкоўскі і Руслан Іваноў разам гралі ў гурце «Цвет алоэ». Пазьней Іваноў вывучыўся на пілёта, атрымаў камэрцыйную ліцэнзію і працаваў у клюбе «Аэра-Менск», што прапануе палёты на мотадэльтапляне, гірапляне і паветраным балёне.
Лапкоўскі зьняпраўдзіў чуткі, якія пачалі віраваць у сацыяльных сетках, маўляў, пілёт ня быў прышпілены і выпаў з дэльтапляну, а пасажырка засталася там сама.
«Я знаў Руслана 24 гады. Ён быў дасьведчаным пілётам. Паводле інфармацыі ад ягонага брата, у час узьлёту дэльтаплян трапіў у няправільную паветраную плынь, яму заламала крыло, і яны ўпалі. Руслан быў прышпілены, а ўсё, што пішуць у сацсетках, — няпраўда. Гэта выпадковасьць, якая адбылася праз прыродныя абставіны, ад якіх ніхто не застрахаваны. Я лятаў з Русланам, напэўна, чатыры разы і цалкам давяраў яму сваё жыцьцё», — сказаў Сяргей Лапкоўскі.
Катастрофа адбылася днём 14 красавіка каля вёскі Азярцо ў Менскім раёне. Паводле Сьледчага камітэту, разьбіўся мотадэльтаплян «Фрэгат». На борце былі 45-гадовы пілёт і 26-гадовая пасажырка — абое загінулі.
Паводле папярэдняй інфармацыі, пілёт у час палёту ня даў рады кіраваньню. Сьведкі паведамляюць, што пасьля набору вышыні апарат раптоўна пачаў падаць. Пасьля падзеньня ніхто ня выжыў.
Форум