Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сейм Літвы папярэдне ўхваліў прапанову працягнуць абмежаваньні ў дачыненьні грамадзян Беларусі

Сейм Літвы
Сейм Літвы

Пад працяг абмежаваньняў у выпадку другога пасьпяховага галасаваньня за праект трапяць таксама расейцы.

Пасьля абмеркаваньня Сейм ухваліў папраўкі да Закону аб увядзеньні абмежавальных мераў у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны, якія прадугледжваюць падаўжэньне нацыянальных санкцый, што ўжываюцца да грамадзян Расеі і Беларусі, да 31 сьнежня 2027 году.

У цяперашні час, да 2 траўня 2026 году, Літва пайшла на пэўныя абмежавальныя захады ў дачыненьні грамадзян Расеі і Беларусі, а таксама ўвяла абмежаваньні на асобныя тавары і паслугі.

Папраўкі, якія разглядаюцца, прапануюць дадаткова прадугледзець забарону на імпарт паліва зь дзьвюх краін у Літву ў стандартных паліўных баках транспартных сродкаў аб’ёмам больш за 200 літраў. Гэта дазволіць прадухіліць патэнцыйныя парушэньні санкцый ЭЗ і ўскосную падтрымку палітычных рэжымаў у Маскве і Менску шляхам пераліву і продажу паліва ў Літве са стандартных паліўных бакаў грузавых аўтамабільных транспартных сродкаў, зарэгістраваных у трэціх краінах, якія ўяжджаюць з Расеі і Беларусі.

Паводле распрацоўнікаў паправак, калі прапанаваную забарону канчаткова ўвядуць, пры наяўнасьці большай колькасьці паліва ў паліўным баку можна будзе трапіць пад крымінальную або адміністрацыйную адказнасьць.

У цяперашні час у сувязі з ваеннай агрэсіяй супраць Украіны прыпынены прыём заявак на атрыманьне шэнгенскіх візаў ад грамадзян Расеі і Беларусі, за выключэньнем выпадкаў, калі Міністэрства замежных спраў пасярэднічае ў падачы заявы на атрыманьне візы. Ад расейскіх грамдазянаў прыпынены прыём заявак на дазвол на часовае пражываньне з пэўнымі выключэньнямі.

Сейм таксама забараніў імпарт у Літву сельскагаспадарчай прадукцыі і кармоў паходжаньнем зь Беларусі або Расеі. Акрамя таго, расейцам, якія ня маюць дазволу на жыхарства ў Літве, забаронена купляць нерухомасьць у Літве.

Пасьля абмеркаваньня 102 дэпутаты Сейму прагаласавалі за гэты праект, 4 — супраць, 6 — устрымаліся. Каб ён быў канчаткова прыняты, Сейму трэба будзе прагаласаваць яшчэ раз.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG