Адпаведныя зьмены ў закон аб сельскай гаспадарцы і разьвіцьці сельскіх раёнаў, які працягвае дзеяньне забароны да 1 ліпеня 2027 году, ухвалілі 1 красавіка 2026 году.
Неабходнасьць гэтага кроку патлумачылі працягам расейскай агрэсіі супраць Украіны.
Прадстаўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі Латвіі адзначылі эфэктыўнасьць гэтай забароны, асабліва ў спалучэньні з павышэньнем мытных тарыфаў і санкцыямі, уведзенымі Эўрапейскім зьвязам.
Забарону ўвялі 8 сакавіка 2024 году. Яна распаўсюджваецца на ўсе віды гародніны і садавіны, ягады і арэхі, на ўсе віды збожжа, а таксама кармавую сыравіну і гатовыя кармы.
Пазьней да гэтай ініцыятывы далучылася Літва. Урад Літвы з 3 чэрвеня 2024 году забараніў увоз зь Беларусі і Расеі амаль трох тысяч відаў сельгаспрадукцыі.
З 1 ліпеня 2024 году ў Эўразьвязе пачалі дзейнічаць павышаныя мыты на некаторыя віды сельскагаспадарчай прадукцыі зь Беларусі і Расеі (на збожжавыя і алейныя культуры, а таксама прадукты іх перапрацоўваньня), якія фактычна зрабілі немагчымым далейшыя пастаўкі іх збожжа на эўрапейскі рынак.
У адказ на агрэсіўную вайну Расеі супраць Украіны, распачатую 24 лютага 2022 году, а таксама на незаконную анэксію шэрагу рэгіёнаў Украіны, Эўразьвяз ужо некалькі разоў уводзіў маштабныя санкцыі супраць Расеі і Беларусі як яе саюзьніка.
Форум