«Ухваленае рашэньне аб’ядноўвае каля 20 спраў. Сярод заяўнікаў — Тацяна Сьміткіна, Кастусь Жукоўскі, Натальля Крывашэй, Яўген Меркіс, Ларыса Шчыракова, Тамара Шчапёткіна, Алёна Шабуня і іншыя. Я дапамагаў пацярпелым адстойваць правы на нацыянальным і міжнародным узроўнях», — паведаміў Леанід Судаленка ў сваім допісе на старонцы ў Facebook.
Паводле яго, Камітэт ААН падкрэсьліў, што адсутнасьць акрэдытацыі ня можа быць падставай для пакараньня, свабода выказваньня належыць кожнаму, а абмежаваньні павінны быць неабходнымі і прапарцыянальнымі.
«Вынік: Беларусь павінна вярнуць штрафы, кампэнсаваць выдаткі і зьмяніць нацыянальнае заканадаўства. І галоўнае: распаўсюд інфармацыі — гэта права кожнага, а не прывілей», — дадаў праваабаронца.
У кастрычніку 2020 году, пасьля масавых акцый пратэсту, выкліканых фальсыфікацыяй вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, Міністэрства замежных спраў Беларусі анулявала акрэдытацыі ўсім замежным журналістам, якія працавалі ў Беларусі. Было заяўлена аб пераакрэдытацыі паводле новага палажэньня Савету Міністраў.
У ліпені 2023 году ўлады Беларусі анулявалі акрэдытацыю апошняму карэспандэнту з краін Захаду, які працаваў у Менску, Юстыне Прус польскага інфармагенцтва РАР. Камітэт дзяржаўнай бясьпекі забараніў уезд у Беларусь Юстыне Прус, якая працавала ў краіне з 2016 году. Цягам усяго пэрыяду працы ў Беларусі карэспандэнтка РАР мела акрэдытацыю ў адпаведнасьці зь беларускім заканадаўствам.
Прус знаходзілася ў Беларусі падчас масавых пратэстаў пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году, асьвятляла міграцыйны крызіс, які пачаўся ў 2021 годзе.
Першага ліпеня 2023 году Аляксандар Лукашэнка падпісаў папраўкі ў закон «Аб сродках масавай інфармацыі», якія яшчэ больш абмежавалі свабоду слова ў краіне.
Сярод іншага прадугледжваецца «магчымасьць увядзеньня забароны на дзейнасьць замежных СМІ на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь у выпадку праяў замежнымі дзяржавамі недружалюбных дзеяньняў у дачыненьні беларускіх СМІ».
Форум