Дасьледнікі з праваабарончага цэнтру «Вясна» ў дакладзе «Калі экстрэмізмам называюць словы» вывучылі сучасную практыку забароны інфармацыйных рэсурсаў, літаратурных і нават музычных твораў у Беларусі праз унясеньне іх у «экстрэмісцкія сьпісы» на падставе рашэньняў судоў.
Аўтары параўналі беларускую практыку з рэгуляваньнем свабоды выказваньняў у сучаснай Нямеччыне, дзе сытуацыя з экстрэмісцкай сымболікай і літаратурай ускладненая гістарычнымі прычынамі. Праваабаронцы ў дакладзе «Калі экстрэмізмам называюць словы» зьмясьцілі інфармацыю пра падобную практыку ў іншых аўтарытарных або схільных да аўтарытарызму краінах — Расеі, Казахстане, Узбэкістане.
У сьпісе забароненых у Беларусі на падставе «прыкметаў экстрэмізму» матэрыялаў праваабаронцы адзначылі некалькі групаў, сярод якіх найбольшая — «Інфармацыйныя рэсурсы грамадзка-палітычных ініцыятываў, уключна з праваабарончымі арганізацыямі». Цяпер у ёй 950 адзінак, а пачала яна папаўняцца з 2015 году: тады ў ёй былі пераважна анархісцкія рэсурсы.
Менавіта ў гэтай групе ў 2022 годзе апынуўся сайт самой «Вясны» і яе рэгіянальных арганізацыяў. Гэтак вырашыў суд Чыгуначнага раёну Гомля.
Праваабаронцы адзначаюць, што стварэньне віду законнасьці пры абвяшчэньні пэўнага непажаданага ўладзе рэсурсу «экстрэмісцкім» — тыповы стыль аўтарытарнага рэжыму Лукашэнкі. Усе рашэньні судоў з гэтай групы падлягаюць адмене, і толькі адзінкавыя — перагляду на аснове выкананьня стандартаў правасудзьдзя, мяркуюць у «Вясьне».
Такую ж выснову зрабілі пра групу «Незалежныя мэдыя», дзе знаходзіцца каля 600 інфармацыйных рэсурсаў, прызнаных «экстрэмісцкімі».
Пры гэтым аўтары адзначаюць важную акалічнасьць: часта ўнясеньне ў экстрэмісцкі сьпіс азначае ня толькі перашкоду працы рэсурсу, але і крымінальны перасьлед грамадзян, зь ім зьвязаных. Гэтая практыка асабліва шырокая ў Беларусі з 2020 году, хоць прымянялася і раней, найперш да рэсурсаў анархісцкага руху, адзначаюць вясноўцы.
Паводле дасьледнікаў, сьпіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў», які існуе ў Беларусі, характэрны як прыклад злоўжываньня паўнамоцтвамі дзяржавы ў галіне абмежаваньняў свабоды слова і выказваньня думак.
Ці варта цалкам адмаўляцца ад падобных сьпісаў дзеля барацьбы з экстрэмізмам і абароны свабодаў грамадзян?
Аўтары робяць выснову, што пасьля аднаўленьня дэмакратычнага кіраваньня непазьбежнае выключэньне зь сьпісу гіганцкай колькасьці адзінак інфармацыйнай прадукцыі або нават ліквідацыя сьпісу зь пераходам да іншых формаў рэгуляваньня абмежаваньняў і забаронаў . Пры гэтым «Вясна» папярэджвае:
«Рэформа заканадаўства аб супрацьдзеяньні экстрэмізму павінна быць накіраваная не на паслабленьне барацьбы з гвалтоўнымі пагрозамі, а на аддзяленьне рэальных пагрозаў бясьпецы ад мірнага выказваньня думак», — даводзяць праваабаронцы.
«Толькі сыстэма, заснаваная на вяршэнстве права, незалежнасьці суду і павазе да свабоды выказваньня, можа забясьпечыць устойлівую бясьпеку і дэмакратычнае разьвіцьцё дзяржавы», — такую выснову робяць аўтары дакладу «Калі экстрэмізмам называюць словы».
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».
Форум