Як паведаміла польскае выданьне RMF FM, новую канструкцыю вышынёй чатыры мэтры ўзьвядуць уздоўж тэхнічнай дарогі, а зьверху на ёй замацуюць калючы дрот.
З боку лесу паставяць адмысловую двухмэтровую агароджу, яка будзе абараняць дзікіх жывёл ад траўмаў.
Бар’ер пачалі будаваць адначасова ў пяці месцах. Як паведаміў выданьню генэрал Славомір Клекотка, камандзір падразьдзелу памежнай аховы Падляшша, найперш выбралі месцы, якія найчасьцей выкарыстоўваюць мігранты для незаконнага перасячэньня мяжы.
«Новая канструкцыя запаволіць спробы мігрантаў нелегальна перасекчы мяжу. [...] Тут будзе вельмі добрая магчымасьць затрымаць гэтых асобаў і сканфіскаваць іхныя інструмэнты, бо ўсё гэта будзе адбывацца выключна на польскім баку», — сказаў ён.
Новую канструкцыю пабудуюць уздоўж усяго 186-кілямэтровага ўчастку мяжы на Падляшшы. Праект плянуюць завяршыць у канцы вясны.
У Падляскім ваяводзтве бясьпеку мяжы (уключаючы літоўскі ўчастак) забясьпечваюць 2300 супрацоўнікаў Памежнай аховы пры падтрыманьні 5000 вайскоўцаў Узброеных сілаў.
Польшча ўзводзіла 206-кілямэтровы плот вышынёй 5,5 м уздоўж мяжы зь Беларусьсю з студзеня 2022 да чэрвеня 2023 году. Будаўніцтва фізычнага бар’еру стала рэакцыяй Варшавы на рэгулярную зь вясны 2021 году плынь нелегальных мігрантаў, якія імкнуцца трапіць у краіны ЭЗ зь беларускай тэрыторыі.
Летась у жніўні Польшча паставіла электронны бар’ер даўжынёй каля 172 км на ўчастку мяжы зь Беларусьсю, які праходзіць па рацэ Буг.
Форум