Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вялікабрытанія рыхтуецца да вайны. Ствараецца сакрэтная «кніга вайны»

Вайскоўцы Ганаровай артылерыйскай роты праводзяць салют з гармат у Лёндане.
Вайскоўцы Ганаровай артылерыйскай роты праводзяць салют з гармат у Лёндане.

Вялікабрытанія распрацоўвае новую вэрсію шырокамаштабнага пляна на выпадак вайны, які павінен ахапіць ня толькі армію, але і ўсю дзяржаву — ад адміністрацыі і спэцслужбаў да прамысловасьці і грамадзян. Пра падрыхтоўку паведаміў кіраўнік узброеных сіл, маршал авіяцыі сэр Рычард Найтан.

Ён падкрэсьліў, што падрыхтоўка да магчымага канфлікту ня можа абмяжоўвацца толькі войскам. Важна ўзмацніць устойлівасьць крытычнай інфраструктуры: энэргетыкі, транспарту і водазабесьпячэньня.

Новая стратэгія павінна ўлічваць ня толькі гібрыдныя пагрозы, але і сцэнары поўнамаштабнай вайны. Гэта патрабуе перагляду інвэстыцыйных прыярытэтаў і дзяржаўнай палітыкі.

Кіраўнік узброеных сіл таксама адзначыў, што грамадзтва павінна ўсьведамляць рост пагроз. «Пэрыяд адноснага міру заканчваецца. Патрэбныя адукацыя і падрыхтоўка грамадзян да падтрымкі дзяржавы ў крызіснай сытуацыі», — сказаў ён.

Падчас халоднай вайны Вялікабрытанія была адной з найбольш падрыхтаваных краін да магчымага канфлікту — існавалі падрабязныя працэдуры мабілізацыі войска, а таксама арганізацыі жыцьця грамадзтва.

Гістарычныя пляны ўключалі, сярод іншага, закрыцьцё школ, рэарганізацыю бальніц, нармаваньне прадуктаў харчаваньня і абарону нацыянальных каштоўнасьцяў. Пасьля заканчэньня халоднай вайны сыстэма была паступова згорнутая, цяпер жа яе плянуюць аднавіць у сучаснай форме з улікам новых тэхналёгій і пагроз.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG