10 красавіка Міністэрства замежных справаў выказала рашучы пратэст Беларусі праз запушчаныя 9 красавіка зь беларускай тэрыторыі кантрабандныя балёны, якія парушылі паветраную прастору Літвы і стварылі небясьпеку для цывільнай авіяцыі.
Праз інцыдэнт больш як на сем гадзінаў закрывалі паветраную прастору над Віленскім лётнішчам.
Міністэрства таксама зьвярнула ўвагу на рост арганізаванай нелегальнай міграцыі зь Беларусі. Сёлета літоўскія службоўцы ўжо спынілі 347 спробаў нелегальна перайсьці мяжу.
Літва запатрабавала, каб Беларусь неадкладна прыняла захады для спыненьня сыстэматычных парушэньняў мяжы на зямлі і ў паветры.
У адваротным выпадку Літва можа вярнуць абмежаваньні ў пунктах пропуску і «ўжыць дадатковыя захады для абароны сваёй паветранай прасторы, цывільнай авіяцыі і нацыянальнай бясьпекі».
Праз пагрозу сутыкненьня самалётаў з кантрабандысцкімі балёнамі віленскі аэрапорт не працаваў з 22:30 9 красавіка да самай раніцы. 8 рэйсаў давялося перанакіраваць у Коўна, 2 — у Рыгу, 9 — скасаваць, а 5 — затрымаць. Гэта закранула больш як 3 тысяч пасажыраў. Магчымыя збоі і затрымкі таксама 10 і 11 красавіка.
Папярэдні раз віленскі аэрапорт закрывалі 31 сакавіка. Усяго сёлета ягоная праца была парушаная 7 разоў. Летась падобныя інцыдэнты закранулі 300 рэйсаў і 47 тысяч пасажыраў. Агулам віленскі і ковенскі аэрапорты за мінулы год спынялі працу амаль на 60 гадзінаў, піша LRT.
Форум