Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латушка на свае сродкі заснаваў прэмію для лепшага настаўніка беларускай мовы, літаратуры і гісторыі ў Гайнаўскім ліцэі

Музэй і Цэнтар беларускай культуры ў Гайнаўцы
Музэй і Цэнтар беларускай культуры ў Гайнаўцы

Штогадовую грашовую прэмію для найлепшага настаўніка беларускай мовы, літаратуры і гісторыі ў ІІ агульнаадукацыйным ліцэі з дадатковым вывучэньнем беларускай мовы ў Гайнаўцы (Падляскае ваяводзтва Польшчы) заснаваў за кошт уласных сродкаў намесьнік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК), кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўленьня («НАУ») Павал Латушка.

Пра гэта паведамляе інфармацыйнае агенцтва «Позірк».

Паводле інфармацыі прэсавай службы АПК, «рашэньне аб кандыдаце прынятае сёлета і будзе прымацца ў будучыні кіраўніцтвам Гайнаўскага ліцэя». Узнагароду плянуецца ўручыць падчас урачыстай цырымоніі заканчэньня навучальнага году 26 чэрвеня.

«Настаўнікі адыгрываюць выключную ролю ў лёсе нацыі, паколькі менавіта яны з малых гадоў прышчапляюць дзецям любоў да ўсяго беларускага, — адзначыў Латушка. — Варта згадаць, што песьняры беларускага слова — Купала і Колас — працавалі настаўнікамі. Асаблівую важнасьць мае падтрымка беларускай меншасьці на Падляшшы. Гэты рэгіён зьяўляецца ўнікальным асяродзьдзем, дзе ў рамках польскага грамадзтва стагодзьдзямі разьвіваецца і жыве беларуская традыцыя і мова».

Палітык падкрэсьліў, што рэжым Аляксандра Лукашэнкі адмаўляецца падтрымліваць беларускую культуру як унутры краіны, так і за яе межамі.

Паведамляецца, што з ініцыятывы Латушкі таксама заснаваная грашовая ўзнагарода для пераможцаў Агульнапольскага фэстывалю «Беларуская песьня».

Гайнаўка — горад з насельніцтвам каля 20 тысяч чалавек, які месьціцца за 30 км ад беларускай мяжы. У ім жыве шмат этнічных беларусаў. Пасьля падзелу Польшчы ў рамках пакту Молатава-Рыбентропа восеньню 1939 году рэгіён быў уключаны ў склад Берасьцейскай вобласьці БССР. Пасьля Другой сусьветнай вайны зноў увайшоў у склад Польшчы.

II агульнаадукацыйны ліцэй у 2018, 2019, 2020, 2022, 2024 і 2025 гадах займаў 2-е месца ў рэйтынгу сярэдніх школ Падляскага ваяводства. Заснаваны ў 1949 годзе.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG