Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскія войскі двойчы за дзень атакавалі грамадзкі транспарт ва Ўкраіне. Загінулі людзі

4 пасажыры аўтобуса ў Нікапалі загінулі пасьля атакі расейскага дрона
4 пасажыры аўтобуса ў Нікапалі загінулі пасьля атакі расейскага дрона

Чатыры чалавекі загінулі, яшчэ 16 — атрымалі раненьні ў выніку ўдару расейскага дрона па маршрутным аўтобусе ў Нікапалі раніцай 7 красавіка. Яшчэ 5 чалавек атрымалі раненьні ад другога за дзень удару па маршрутцы на Нікапальшчыне.

На Херсоншчыне праз атакі РФ загінулі тры чалавекі

Праз расейскі абстрэл па жылых дамах Херсона загінулі тры чалавекі: жанчыны 72 і 71 гадоў, а таксама 60-гадовы мужчына. У сяле Сьцяпанаўка на Херсоншчыне ад авіяналёту пацярпелі тры чалавекі, сярод якіх 14-гадовы хлопец.

Адзін чалавек загінуў на Запарожжы

У Запароскай вобласьці сёньня больш за дзевяць гадзін не спынялася паветраная трывога. Адзін чалавек загінуў, двое параненыя, паведамілі мясцовыя ўлады.

У Прылуках ад расейскіх атак як мінімум 15 чалавек атрымалі раненьні

У Прылуках на Чарнігаўшчыне 11 жанчын і 4 мужчын зьвярнуліся да лекараў пасьля расейскага ўдару 7 красавіка. 7 чалавек шпіталізавалі, адзін зь іх у цяжкім стане.

Спынілася Славянская ЦЭС — апошняя электрастанцыя на Данеччыне

Славянскую цеплаэлектрастанцыю спынілі праз пагаршэньне бясьпекі. Гэта была апошняя станцыя на Данеччыне, якая працягвала працаваць. Апошнім часам яе няспынна атакавалі расейскія войскі.

У Расеі пасьля ўдараў Украіны спыніў працу адзін з найбуйнейшых НПЗ

Нафтаперапрацоўчы завод у Кстове Ніжагародзкай вобласьці, які атрымаў пашкоджаньні ў выніку атакі дронаў УСУ ў ноч на 5 красавіка, спыніў сваю працу. Пра гэта паведаміла Reuters з спасылкай на свае крыніцы. Гэта чацьвёрты па велічыні НПЗ у Расеі.

Украінскі Генштаб заявіў пра паражэньне нафтавага тэрміналу ў Усьць-Лузе

Генштаб Узброеных сілаў Украіны заявіў, што ўначы на 7 красавіка быў пасьпяхова атакаваны нафтавы тэрмінал «Усьць-Луга Ойл» у Ленінградзкай вобласьці Расеі. Паводле заявы, пашкоджаныя тры рэзэрвуары.

Напярэдадні 5 і 6 красавіка украінскія ўдары пацэлілі

  • па трох рэзэрвуарах у порце Прыморск, па ўстаноўках першаснай перапрацоўкі нафты на НПЗ у Кстове,
  • па прычалах і рэзэрвуарах на тэрмінале «Шэсхарыс» і нафтабазе «Грушавая» ў Краснадарскім краі.
Паводле паведамленьняў Украінскай службы Радыё Свабода
Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG