Расейскія войскі ноччу больш за 10 разоў абстрэльвалі Днепрапятроўскую вобласьць Украіны — загінула дзіця, яшчэ пяць чалавек атрымалі раненьні, паведаміў кіраўнік абласной вайсковай адміністрацыі Аляксандар Ганжа, піша Ўкраінская служба Радыё Свабода.
Паводле яго, у Пакроўскай грамадзе Сінельніцкага раёну загінуў 11-гадовы хлопчык. Таксама ёсьць некалькі параненых — 31-гадовая і 61-гадовая жанчыны і 33-гадовы мужчына шпіталізаваныя ў стане сярэдняй цяжкасьці.
У Паўлаградзкім раёне пад абстрэл трапілі Паўлаградзкая і Багданаўская грамады — пачаўся пажар, пашкоджаны адміністрацыйны будынак і лініі электраперадачы. Тут пацярпелі двое мужчын 52 і 66 гадоў, напісаў Ганжа.
Таксама, паводле зьвестак абласной вайсковай адміністрацыі, у вёсцы Апосталава пад Крывым Рогам расейскімі атакамі пашкоджана інфраструктура.
Паводле мясцовых уладаў, за мінулы дзень у Днепрапятроўскай вобласьці ў выніку расейскіх атак пацярпелі 10 чалавек, у тым ліку двое дзяцей — дзяўчынка 1,5 года і 17-гадовы хлопец.
Расейскае кіраўніцтва адмаўляе, што расейская армія ў час паўнамаштабнай вайны мэтанакіравана атакуе цывільную інфраструктуру ўкраінскіх гарадоў і вёсак, забіваючы мірных жыхароў і разбураючы лякарні, школы, дзіцячыя садкі, аб’екты энэрга- і водазабесьпячэньня.
Ва Ўкраіне заяўляюць, што абстрэл энэргетычных і мэдычных установаў з мэтай пазбаўленьня людзей электрычнасьці, цяпла, вады, сувязі, мэдычнай дапамогі і іншых патрэбных для жыцьця ўмоваў ёсьць прыкметай генацыду.
Форум