Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маштабны збой інтэрнэту ў Расеі закрануў і Беларусь. Падобных збояў можа стаць больш

Расейская кампанія «Ростелеком». Шчыльная прывязка беларускага сэгмэнту сеціва да расейскага можа прывесьці да яшчэ большых праблемаў інтэрнэту ў Беларусі
Расейская кампанія «Ростелеком». Шчыльная прывязка беларускага сэгмэнту сеціва да расейскага можа прывесьці да яшчэ большых праблемаў інтэрнэту ў Беларусі

Увечары 6 красавіка ў расейскім сэгмэнце Інтэрнэту адбыўся маштабны збой. Ёсьць зьвесткі, што празь яго пацярпелі й карыстальнікі ў Беларусі. Даецца ў знакі моцная залежнасьць сеціва ў Беларусі ад расейскіх кампаніяў.

Імавернай прычынай стала магутная DDoS-атака на сетку «Ростелекома», паведаміла прэс-служба апэратара.

«Увечары 6 красавіка была зафіксаваная магутная DDoS-атака на сетку „Ростелекома“. Было ўведзена фільтраваньне ўваходнага трафіку, што паўплывала на даступнасьць часткі інтэрнэт-рэсурсаў. Дзеяньні кібэрзлачынцаў былі апэратыўна нэўтралізаваныя», — сказалі ў прэс-службе.

У расейскім сэгмэнце Інтэрнэту ўзьніклі цяжкасьці з доступам да плятформаў для гульняў, банкаўскіх службаў і сацыяльных сетак. Паведамлялі пра збой у працы сэрвэраў Steam, Battle.Net, іншых глябальных забаўляльных плятформаў.

Празь некалькі гадзін пасьля пачатку масавых збояў у абанэнтаў «Ростелекома» і падзеньня інфраструктуры нагляднага ведамства «Роскомнадзор» трывожныя сыгналы пачалі паступаць і зь Беларусі. Паведамленьне пра гэта reformby заўважыў на старонцы digital-report.ru.

«Галоўныя партнэры Нацыянальнага цэнтру абмену трафікам Беларусі — гэта расейскія магістральныя гіганты першага эшалёну. Калі на расейскіх вузлах пачынаюцца збоі альгарытмаў глыбокай праверкі пакетаў або валяцца ўрадавыя шлюзы праз памылкі ў наладах абсталяваньня процідзеяньня пагрозам, транзытны канал непазьбежна трапляе пад удар наўпрост. Зьвесткі карыстальнікаў проста ня могуць прабіцца скрозь фільтры, якія завісьлі на ўсходніх межах».

Адмыслоўцы тэлекам-галіны прагназуюць, што з ускладненьнем мэханізмаў унутранай фільтрацыі трафіку ў Расеі суседнія зь ёю дзяржавы будуць усё часьцей адчуваць на сабе пабочныя эфэкты чужых тэхнічных экспэрыментаў. Нацыянальная інфраструктура, якая цалкам абапіраецца на вонкавыя транзытныя каналы аднаго суседа, страчвае магчымасьць аўтаномна захоўваць устойлівасьць у момант крызісу.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG