Адзін з асуджаных на пажыцьцёвае зьняволеньне паводле абвінавачаньня ў датычнасьці да тэракту ў падмаскоўным «Крокус Сіці Холе» ў сакавіку 2024 году ўчыніў самагубства ў маскоўскім СІЗА «Матроская Цішыня». Пра гэта паведамілі ў Галоўнай управе Фэдэральнай службы выкананьня пакараньняў у Маскве, перадае РБК.
«На месцы былі праведзеныя рэанімацыйныя дзеяньні, якія не далі вынікаў. На дадзены момант праводзіцца праверка», — гаворыцца ў паведамленьні. Імя асуджанага ў ім ня прыводзіцца
Шэраг расейскіх СМІ сьцьвярджаюць, што самагубства ўчыніў грамадзянін Таджыкістану Якубджані Даўлатхон Юсуфзада. Яго затрымалі 31 сакавіка 2024 году, празь некалькі дзён пасьля тэракту, ахвярамі якога сталі больш як 140 чалавек. Даўлатхон ня ўдзельнічаў непасрэдна ў нападзе на канцэртную залю.
Яго прызналі вінаватым у тым, што ён за некалькі дзён да тэракту пералічыў грошы для «забесьпячэньня пражываньня тэрарыстаў», а таксама пералічыў сродкі аднаму зь выканаўцаў нападу, як сьцьвярджаецца, ужо пасьля тэракту. Ён атрымаў пажыцьцёвы тэрмін зьняволеньня.
«Коммерсант» са спасылкай на свае крыніцы сьцьвярджае, што скончыць жыцьцё самагубствам спрабаваў яшчэ адзін асуджаны паводле гэтай справы. Сьцьвярджаецца, што гэта быў Джабраіл Аўшаў, які таксама атрымаў пажыцьцёвы тэрмін. Яго ўдалося выратаваць.
Пры гэтым, як піша «Коммерсант», Аўшаў і раней рабіў спробы суіцыду, у тым ліку падчас самога працэсу, які праходзіў у Заходнім акруговым вайсковым судзе ў закрытым рэжыме. Афіцыйна пра гэта не паведамлялася.
Сёлета 12 сакавіка асудзіў Шамсідына Фарыдуні, Далерджона Мірзоева, Махамадсабіра Файзава і Саідакрамі Рачабалізаду, прызнаных непасрэднымі ўдзельнікамі нападу, на пажыцьцёвае зьняволеньне. Яшчэ 11 чалавек, якіх сьледзтва палічыла памагатымі, таксама атрымалі пажыцьцёвыя тэрміны, іншым прызначылі пакараньне ад 19 да 22 гадоў.
Тэрарыстычны акт у зале «Крокус Сити Холл» адбыўся ўвечары 22 сакавіка 2024 году перад пачаткам канцэрту. Адказнасьць за тэракт узяла на сябе ячэйка «Вілаят Хурасан», аднак расейскія ўлады настойвалі на наяўнасьці «ўкраінскага сьледу».
Газэта The Washington Post з спасылкай на двух неназваных амэрыканскіх службоўцаў пісала, што ўлады ЗША яшчэ 6 сакавіка папярэджвалі Расею аб пагрозе тэракту ў «Крокусе». Гэта было зроблена за дзень да таго, як пасольства ЗША папярэдзіла сваіх грамадзян аб плянаваным «нападзе на буйныя імпрэзы ў Маскве, уключаючы канцэрты». У Крамлі заявілі, што папярэджаньне было неканкрэтным.
Форум