Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларускія памежнікі не пускаюць некаторых расейцаў у Эўропу

Мяжа Польшчы зь Беларусьсю
Мяжа Польшчы зь Беларусьсю

Беларускія памежнікі зьнялі з аўтобуса ў Польшчу грамадзян Расеі. Патлумачылі гэта новаўвядзеньнямі, якія ўступілі ў сілу 1 красавіка.

Тэлеканал «Белсат» даведаўся, у чым можа быць справа.

Некаторых расейцаў сапраўды могуць не пусьціць у Польшчу з 1 красавіка, бо з гэтай даты Польшча прымае расейцаў толькі зь біямэтрычнымі пашпартамі. Пра гэта папярэджваў МЗС Расеі. Такім чынам, беларускія памежнікі могуць ня выпусьціць расейцаў зь Беларусі, ведаючы, што яны не праедуць у Польшчу.

Таксама Літва, Латвія, Нямеччына, Чэхія, Данія, Эстонія, Францыя і Ісьляндыя не прымаюць расейскія небіямэтрычныя пашпарты.

Гэта зьвязана з павышэньнем бясьпекі межаў Шэнгену і ўводам эўрапейскай сыстэмы ўезду-выезду (EES). Гэта сыстэма памежнага кантролю для грамадзян краінаў па-за ЭЗ, якія робяць кароткатэрміновыя паездкі ў краіны Шэнгену.

Сыстэма ўезду-выезду (EES) зьбірае зьвесткі, якія ўтрымліваюцца ў праязным дакумэнце замежніка, дату і месца кожнага ўезду і выезду, а таксама біямэтрычныя дадзеныя.

Па дадзеных на 2025 год, абнародаваных агенцтвам «РИА Новости» - 17% расейскіх грамадзянаў маюць замежныя пашпарты старога ўзору (небіямэтрычныя), 36% — замежныя пашпарты новага ўзору (біямэтрычныя). У амаль паловы расейскіх грамадзянаў (47%) у 2025 годзе не было ўвогуле замежных пашпартоў, 29% зь іх наогул ніколі іх ня мелі.


Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG