Заснавальніку і кіраўніку славутага гурту «Палац» палітвязьню Алегу Хаменку 4 красавіка спаўняецца 59 гадоў.
Гэта першы дзень народзінаў, які музыка сустракае ў няволі.
Пра ўмовы, у якіх трымаюць Алега Хаменку, ягоны маральны стан і здароўе Свабодзе расказала дасьведчаная крыніца, якая прасіла не называць яе дзеля бясьпекі.
«Празь месяц пасьля прысуду, наколькі вядома, Алег знаходзіцца яшчэ ў менскім СІЗА ў пасёлку Калядзічы, чакае апэляцыі. Ён не пагадзіўся з прысудам, спадзяецца на скасаваньне. Але як праходзіў працэс, вядома вельмі мала: людзі, у тым ліку сталічныя музыкі, баяцца прыходзіць на такія працэсы», — расказала крыніца.
Пра ўмовы, у якіх трымаюць Алега Хаменку, таксама вядома няшмат.
«На ўмовы ў камэры не наракаў. Перапіска вядзецца, але пра дэталі знаходжаньня ў СІЗА ў лістах ад яго няма інфармацыі. Аднак вядома, што скаргаў на ўмовы не падаваў», — сказала крыніца.
На пытаньне пра здароўе Алега Хаменкі крыніца адказала гэтак:
«Чалавеку праз год будзе 60, таму здароўе адпаведнае. Але неабходныя лекі да яго туды даходзяць. Маральны стан таксама можна ўявіць, арышт у такім узросьце ўспрымаецца асабліва цяжка, але сказаць, што ён зусім разгубіўся, нельга. Трымаецца», — расказала пра Алега Хаменку дасьведчаная крыніца.
Музыку затрымалі ў чэрвені летась, а 4 сакавіка сёлета асудзілі на 3 гады зьняволеньня паводле артыкулу 361-4 Крымінальнага кодэксу — «Садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці» — за супрацу з рэдакцыяй «Беларускага Радыё Рацыя», прызнанага ў Беларусі «экстрэмісцкім фармаваньнем».
Менскі гарадзкі суд прызначыў музыку Алегу Хаменку 3 гады калёніі ва ўмовах агульнага рэжыму і штраф, большы за 20 000 рублёў.
9 ліпеня 2025 года беларуская праваабарончая супольнасьць прызнала Алега Хаменку палітычным вязьнем.
Хто такі Алег Хаменка
Алег Хаменка — адзін зь вядомых беларускіх музыкаў. У 1992 годзе ён стаў адным з заснавальнікаў гурту «Палац», які граў у наватарскім стылі фольк-мадэрн.
Першыя ж выступы засьведчылі цікавасьць як публікі, так і крытыкаў да новага праекту. Музыкаў запрашалі на ўсе значныя тагачасныя фэсты — «Басовішча», «Славянскі базар», «Маладэчна», «Магутны Божа».
Праз год гурт увайшоў у дзясятку найлепшых калектываў Усходняй Эўропы паводле вэрсіі Radio France International — трэцяя прэмія конкурсу «Discovery-93» за песьню «Русалкі».
«Палац» прадстаўляў Беларусь на шэрагу міжнародных фэстываляў: Tanz und Folkfest у Нямеччыне, «Країна Мрій» ва Ўкраіне, Suklegos у Літве, «Галасы Азіі» ў Казахстане і г.д.
На першых трох «Рок-каранацыях» гурт нязьменна станавіўся ляўрэатам у намінацыі «Традыцыі і сучаснасьць».
У творчым багажы «Палацу» восем музычных альбомаў, а таксама ўдзел у мностве тэматычных складанак у Беларусі і за мяжой.
Алег Хаменка таксама быў вядоўцам шматлікіх шоў і канцэртаў, аўтарскіх перадач на радыё і тэлевізіі, заснавальнікам фэсту «Bela Music».