У распараджэньні каманды BelPol апынуўся дакумэнт пад грыфам «для службовага карыстаньня». Гаворка пра палажэньне «Аб парадку браняваньня вайсковаабавязаных, якія працуюць у дзяржаўных органах, арганізацыях незалежна ад формаў уласнасьці, на пэрыяд мабілізацыі і ваенны час». Дакумент зацьверджаны сакрэтнай пастановай Савету міністраў Рэспублікі Беларусь № 252-18с ад 11.04.2023 году.
Палажэньне вызначае, як дзяржаўныя органы і арганізацыі будуць забясьпечваць сябе кадрамі ў асаблівы пэрыяд. Фактычна дакумэнт дзеліць працоўнае насельніцтва на катэгорыі з рознай ступеньню ўразьлівасьці.
«Праглядаецца відавочны прыярытэт у абароне кіроўнага зьвяна пры жорсткіх абмежаваньнях для шараговых грамадзян і санкцыйных мераў супраць тых, хто не служыў раней», — мяркуюць у BELPOL.
Тэкст дакумэнту ахоплівае пытаньні, якія робяцца ўсё больш актуальнымі для беларусаў, мяркуюць аўтары дасьледаваньня. Паводле іх, альгарытм браняваньня пабудаваны так, што магчымасьць «схавацца у апошні момант» выключаная. Пры мабілізацыі сьціслыя тэрміны (72 гадзіны) і пэрсанальная адказнасьць ператвараюць кадравікоў у «валадароў лёсаў», якія дзейнічаюць у цесным кантакце з вайсковымі камісарыятамі.
«Існуюць пералікі арганізацыяў, дзе бранююць усіх пагалоўна. Гэтых сьпісаў няма ў адкрытым доступе. Такі падзел на „звычайныя заводы“ і „недатыкальныя структуры“ наводзіць на пэўныя думкі», — камэнтуюць у BelPol пункт 5.2 згаданага палажэньня.
У пункце 6 запісана, што браняваць можна ня больш за 40% вайсковаабавязаных. Такім чынам, нават на стратэгічна важных прадпрыемствах большая частка калектыву (60% і больш) застаецца патэнцыйным рэсурсам для фронту. Рашэньне, хто менавіта трапіць у запаветныя 40%, будзе прымаць дырэктар прадпрыемства.
Паводле пункту 7.4, мужчыны, якія да 27 гадоў не служылі ў войску і ня мелі на тое законных падставаў, браняваньню не падлягаюць зусім, адзначаюць у BelPol і папярэджваюць: «Зараз, нават калі вы сталі незаменным IT ці ўнікальным інжынэрам, бронь вам ня сьвеціць».
Норма ў пункце 8 палажэньня выводзіць пэўныя катэгорыі грамадзян з-пад агульных абмежаваньняў, лічаць ў BelPol. Паводле гэтага пункту, бронь гарантаваная кіраўнікам дзяржаўных органаў і арганізацыяў і іхным намесьнікам. «Такая норма стварае касту, абароненую ад прызыву ў першую чаргу», — падсумоўваюць у BelPol.
«Дзяржава канчаткова спыніла гульні ў „сацыяльны кантракт“. Адбываецца жорсткая інвэнтарызацыя людзкога рэсурсу. І калі вы ня трапілі ў тыя самыя 40% або калісьці да свайго 27-гадовага ўзросту „засмуцілі“ ваенкамат — сыстэма пра вас не забудзе», — камэнтуе BelPol палажэньне «Аб парадку браняваньня вайсковаабавязаных, якія працуюць у дзяржаўных органах, арганізацыях незалежна ад формаў уласнасьці, на пэрыяд мабілізацыі і ваенны час».
Форум