Кіраўнік Башкартастану Радзій Хабіраў 2 красавіка паведаміў, што ў ноч на 2 красавіка сталіцу гэтага расейскага рэгіёну Ўфу атакавалі бесьпілётнікі, у выніку пачаўся пажар у прамысловай зоне аднаго з прадпрыемстваў.
Ён не назваў прадпрыемства, але адзначыў, што некалькі дронаў зьбілі на падлёце да нафтаперапрацоўчых заводаў.
Расейскі Telegram-канал Astra пасьля аналізу відэазапісаў відавочцаў паведаміў, што пасьля ўдару ва Ўфе пачаўся пажар на нафтаперапрацоўчым заводзе «Башнефть-Новойл».
Цяпер спадарожнікавае фота пацьвердзіла, што ў выніку ўдару ўкраінскіх дронаў па прадпрыемстве «Башнефть-Новойл» пашкоджана ўстаноўка першаснай перапрацоўкі нафты АВТ-5.
Украінскія сілы ўжо атакавалі гэты завод 15 верасьня 2025 году, тады таксама была пашкоджана складаная і дарагая ўстаноўка першаснай перапрацоўкі нафты АВТ-6.
Пазьней, 3 красавіка, у Генэральным штабе Ўзброеных сіл Украіны пацьвердзілі пацэльваньне па гэтым аб’екце, які знаходзіцца на адлегласьці прыблізна 1400 кілямэтраў ад украінскай мяжы.
У Генштабе адзначылі, што «Башнефть-Новойл» зьяўляецца адным з найбольшых у Расеі вырабнікоў нафтапрадуктаў з аб’ёмам прыблізна 7 мільёнаў тон на год. Завод зьяўляецца на толькі важным складнікам паліўна-энэргетычнага комплексу Расеі, а і забясьпечвае палівам расейскую армію.
Раней паведамлялі, што сама меней 40 адсоткаў магутнасьцяў Расеі ў экспарце нафты былі выведзеныя з ладу атакамі ўкраінскіх дронаў, захопам танкераў і прыпыненьнем працы нафтаправоду «Дружба».
Форум