Муляра з Жодзіна асудзілі за «садзейнічаньне экстрэмізму» і «абразу Лукашэнкі»
Менскі абласны суд вынес Ігару Нейману з Жодзіна вырак паводле частак 1 і 2 артыкула 361‑4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), а таксама па частцы 1 артыкула 368 КК (абраза Лукашэнкі).
Ігару, верагодна, прысудзілі «хатнюю хімію», дакладны тэрмін і акалічнасьці затрыманьня пакуль невядомыя, піша «Наша Ніва».
Ігару Нейману 39 гадоў, ён працаваў у сфэры прыватнага будаўніцтва, узводзіў катэджы, працаваў мулярам.
«Экстрэмісцкі» сьпіс у Беларусі папоўнілі старонкі міжнародных арганізацый
Суд Горацкага раёну 31 сакавіка прызнаў «экстрэмісцкімі матэрыяламі» старонку МІжнароднай фэдэрацыі правоў чалавека «FIDH — International Federation for Human Rights» у Instagram. На яе падпісаныя больш за 12,5 тысячы чалавек, паведамляе «Вясна».
А 27 сакавіка суд Баранавічаў і Баранавіцкага раёну прызнаў «экстрэмісцкай» старонку праваабарончай арганізацыі «LIBERECO — Partnership for Human Rights» у Threads. Яна мае больш за 1100 падпісантаў.
Гэтыя міжнародныя арганізацыі супрацоўнічаюць зь беларускімі праваабаронцамі і шмат пішуць пра парушэньні правоў чалавека ў Беларусі.
Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі
Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.
Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.
Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.
Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.
На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.
Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».
Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».