«Вандалізм у дачыненьні да гістарычнай спадчыны Францыі. Да 7 гадоў турмы і 100.000 эўра штрафу. Гэтая пятніца, 3 красавіка», — напісаў ён на сваёй старонцы ў фэйсбуку.
Кузьміч правёў акцыю «Асемяненьне» 20 верасьня 2024 года ў Парыжы. Ён выкарыстаў два вогнетушыцелі, каб намаляваць жоўтай фарбай два кругі пад Вандомскай калёнай, склаўшы тым самым фалічны сымбаль. На месца адразу ж прыбылі супрацоўнікі паліцыі, якія затрымалі акцыяніста. Праз тры дні на старонцы Кузьміча зьявілася паведамленьне, што ён арыштаваны і яму ставяць у віну вандалізм «у дачыненьні да помніка архітэктуры, які прадстаўляе культурны здабытак Францыі».
Аляксея Кузьміча затрымлівалі ў Францыі некалькі разоў. У красавіку 2021 года яго і яшчэ дваіх чалавек затрымалі ў Парыжы пры спробе трапіць у Елісэйскі палац. Выданьне Le Figaro пісала, што ў руках аднаго з затрыманых быў «кактэйль Молатава». Адзін чалавек спрабаваў прабрацца праз плот, два іншыя здымалі яго на відэа.
У канцы ліпеня 2024 года мастака арыштавалі і аштрафавалі за спробу раскапаць магілу Вінцэнта Ван Гога на могілках у францускай камуне Овэр-сюр-Уаз. Pozirk піша, што суд Понтуаза тады пастанавіў дэпартаваць яго ў Беларусь, але пазьней Мялунскі адміністрацыйны суд ануляваў гэтае рашэньне. Ён выйшаў на волю 21 жніўня 2024 года. У верасьні ён правёў акцыю ля Вандомскай калёны.
Кузьміч зьехаў з Беларусі ва Украіну ў 2020 годзе, баючыся, што яго затрымаюць з-за акцыі на выбарчым участку. Пазьней ён вярнуўся ў краіну ў сувязі са сьмерцю бабулі. У лютым 2024 г. фонд салідарнасьці BYSOL дапамог яму зноў выехаць з Беларусі. У сакавіку 2026 г. стала вядома, што Францыя адмовіла мастаку ў прытулак.
Форум