Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Начальнік ГУБАЗіК заявіў, што анархісцкі рух у Беларусі ліквідавалі, а рух фанатаў узялі пад кантроль

Андрэй Ананенка, начальнік ГУБАЗіК
Андрэй Ананенка, начальнік ГУБАЗіК

ГУБАЗіК зьяўляецца адным з найбольш актыўных падразьдзяленьняў у справе рэпрэсій у Беларусі.

«Прынятымі захадамі на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь ліквідаваны анархарух», — заявіў начальнік Галоўнага ўпраўленьня па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) МУС Андрэй Ананенка ў інтэрвію дзяржаўнай газэце «СБ. Беларусь сегодня».

Таксама, паводле яго слоў, «радыкальна настроеныя каляфутбольныя групоўкі і ў цэлым фанацкі рух узяты пад кантроль».

«Асноўнымі задачамі, якія вырашаюцца трэцім упраўленьнем ГУБАЗіК (па процідзеяньні экстрэмізму)» Ананенка назваў «недапушчэньне і спыненьне экстрэмісцкай дзейнасьці дэструктыўна настроеных асоб і груп грамадзян, якія прадпрымаюць актыўныя дзеяньні па дэстабілізацыі абстаноўкі»; «недапушчэньне фінансаваньня экстрэмісцкіх ініцыятыў»; «своечасовае выяўленьне і блякіраваньне рахункаў экстрэмісцкіх фарміраваньняў» і іншае.

Беспрэцэдэнтныя па ўзроўні палітычныя рэпрэсіі працягваюцца ў Беларусі з 2020 года. Сярод іншага іх аб’ектам сталі прадстаўнікі анархізму.

Аб затрыманьні «групы прыхільнікаў анархічных поглядаў, а таксама іх лідэра» паведаміла прэс-служба МУС 19 сакавіка. Паводле слоў прадстаўніка ГУБАЗіК Уладзімера Гарагляда, чацьвёра менчукоў «неаднаразова на тэрыторыі архітэктурна-скульптурнага комплексу „Менск — горад-герой“ нібыта рабілі зьдзек з сымбаляў Перамогі і ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны». У МУС заявілі, што падчас ператрусаў тады выявілі «халодную зброю, адзеньне і прадметы з анархічнай і нацысцкай сымболікай, сыгнальны пісталет, аргтэхніка». Распачатая крымінальная справа за «злоснае хуліганства» (ч. 2 арт. 339).

Камэнтуючы гэты выпадак, намесьнік начальніка ГУБАЗіК Міхаіл Бядункевіч заявіў, што «падобныя [фігурантам] людзі складалі касьцяк пратэстнай актыўнасьці 2020 году». Ён папракнуў затрыманых у «адсутнасьці выхаваньня, прывіцьця гістарычнай памяці».

Што такое ГУБАЗіК

ГУБАЗіК працягвае быць адным з найбольш актыўных падразьдзяленьняў у пляне рэпрэсій і падаўленьня іншадумства ў Беларусі.

Дзеяньні яго супрацоўнікаў падпадаюць пад склад злачынства па арт. 128 (злачынствы супраць бясьпекі чалавецтва) Крымінальнага кодэксу Беларусі — да такой высновы прыйшоў Міжнародны камітэт па расьсьледаваньні катаваньняў у Беларусі ў апублікаваным у лістападзе 2022 года ў справаздачы «ГУБАЗіК — карнае падразьдзяленьне рэжыму па барацьбе з іншадумствам».

Дакумэнт быў падрыхтаваны на аснове інтэрвію з 33 асобамі, якія пацярпелі ад дзеяньняў падразьдзяленьня са жніўня 2020 года па верасень 2022-га.

Злачынствы сілавікоў, у тым ліку з ГУБАЗіК, былі пацьверджаны ў дакладзе Групы незалежных экспэртаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі (верасень 2025 года).

У дачыненьні да падразьдзяленьня і яго кіраўнікоў, уключаючы Ананенку і Бядункевіча, дзейнічаюць санкцыі шэрагу заходніх краін, піша Позірк.

Тэмы гэтага артыкулу

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG