Упраўленьне «Расспажыўнагляду» па Маскоўскай вобласьці паведамляе, што цяпер праводзяць эпідэміялягічнае расьсьледаваньне ў сувязі з рэгістрацыяй выпадку падазрэньня на воспу малпаў.
«У сувязі з атрыманьнем інфармацыі аб выпадку падазрэньня на воспу малпаў спэцыялісты Ўпраўленьня „Расспажыўнагляду“ па Маскоўскай вобласьці неадкладна пачалі санітарна-эпідэміялягічнае расьсьледаваньне. Арганізаваны поўны комплекс супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Пацыент з падазрэньнем на воспу малпаў і кантактная асоба шпіталізаваны і знаходзяцца пад назіраньнем», — паведамляе «Расспажыўнагляд».
У ходзе расьсьледаваньня праводзяць працу па выяўленьні кантактных асоб, абсьледаваньні і вывучэньне іх біяматэрыялу. Выдадзена прадпісаньне на правядзеньне дэзынфэкцыі.
У 2024 годзе Міжнародная арганізацыя аховы здароўя аб’явіла эпідэмію воспы малпаў надзвычайнай сытуацыяй, асабліва ў краінах Афрыкі.
Заражэньне воспай малпаў магчыма пры кантакце з пашкоджанымі ўчасткамі скуры інфікаванага чалавека, прадметамі, на якіх знаходзяцца біялягічныя вадкасьці, матэрыялы з ачагоў паражэньня хворага чалавека. Таксама вірус можа перадацца ад жывёлы да чалавека.
Сымптомы віруса ў чалавека — высокая тэмпэратура, набуханьне лімфавузлоў, пухіры па ўсім целе. Выздараўленьне працягваецца каля месяца.
Апэратыўнага камэнтару беларускіх санітарных службаў няма. Але Мінздароўя Беларусі ў канцы мінулага года на сайце апублікавала сьпіс краінаў, небясьпечных у тым ліку і па воспе малпаў.
У сваім камэнтары, які датычыцца распаўсюду воспы малпаў у сьвеце Мінздароўя Беларусі паведамляе «верагоднасьць завозу гэтай інфэкцыі ў Беларусь ацэньваецца, як нізкая ў сувязі з адсутнасьцю авіязносін з большасьцю краін сьвету».
Аднак, для прадухіленьня завозу ў краіну «воспы малпаў» Міністэрствам здароўя ў пунктах пропуску на Дзяржаўнай мяжы Рэспублікі Беларусь узмоцненыя меры санітарна-каранціннага кантролю. Дадаткова праводзіцца навучаньне мэдработнікаў дыфэрэнцыяльнай дыягностыцы захворваньня. Спэцыялістамі РНПЦ эпідэміялёгіі і мікрабіялёгіі распрацаваная тэст-сыстэма для своечасовай дыягностыкі захворваньня, паведамляе Міністэрства здароўя Беларусі.
Форум