Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка запрасіў у Беларусь прэзыдэнта Конга, які кіруе краінай больш за 40 гадоў

 Дэні Сасу-Нгеса. Архіўнае фота
Дэні Сасу-Нгеса. Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка павіншаваў 82-гадовага Дэні Сасу-Нгесо з пераабраньнем на пасаду прэзыдэнта Конга.

«Гэтая важная падзея адлюстроўвае давер народа і прызнаньне вашых досьведу, адказнасьці і імкненьня служыць сваёй краіне. Упэўнены, што ваша дзейнасьць працягне прыносіць значныя вынікі і ствараць новыя магчымасьці для прагрэсу Рэспублікі Конга», — цытуе Лукашэнку яго прэс-служба.

Лукашэнка разьлічвае на «пашырэньне канструктыўнага двухбаковага супрацоўніцтва» Беларусі і Конга.

«Карыстаюся выпадкам, каб пацьвердзіць маё запрашэньне ў ваш адрас наведаць Рэспубліку Беларусь», — гаворыцца ў віншаваньні.

Лукашэнка і Сасу-Нгесо сустракаліся 3 верасьня 2025 года ў Пэкіне, дзе абодва прысутнічалі на мерапрыемствах з нагоды перамогі над Японіяй і заканчэньня Другой сусьветнай вайны.

Сасу-Нгесо быў абвешчаны пераможцам чарговых прэзыдэнцкіх выбараў у сакавіку сёлета. Паводле афіцыйных зьвестак, за Сасу-Нгесо прагаласавала 84,65% выбаршчыкаў.

82-гадовы Сасу-Нгеса заступіў на пасаду ў 1979 годзе, перад тым, як прайграў першыя шматпартыйныя выбары ў краіне ў 1992 годзе. Яму зноў удалося прыйсьці да ўлады ў 1997 годзе пасьля грамадзянскай вайны. І ён зьмяніў Канстытуцыю ў 2015 годзе, каб дазволіць сабе зноў пераабрацца.

71-гадовы Лукашэнка кіруе ў Беларусі з 1994 года.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG