Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Конга заявілі аб перадухіленьні спробы перавароту


Прэзыдэнт Конга Фэлікс Чысэкедзі
Прэзыдэнт Конга Фэлікс Чысэкедзі

Улады афрыканскай дзяржавы Дэмакратычная Рэспубліка Конга заявілі аб задушэньні спробы вайсковага перавароту. Улады сьцьвярджаюць, што меркаванага арганізатара перавароту забілі, каля 50 чалавек арыштавалі.

Сярод арыштаваных трое грамадзян Злучаных Штатаў, паведаміў агенцтву Reuters прадстаўнік войска Конга.

Раніцай 19 траўня ў сталіцы краіны Кіншасе дзьве групы ўзброеных людзей паспрабавалі напасьці на прэзыдэнцкі палац, а таксама на дом дэпутата і кандыдата на пасаду сьпікера парлямэнту. Сьцьвярджаецца, што ў перастрэлцы загінулі двое ахоўнікаў, ёсьць загінулыя таксама з боку тых, хто нападаў.

Пасьля ўлады паведамілі пра забойства меркаванага кіраўніка спробы перавароту, апазыцыйнага палітыка Крыстыяна Малянгі, які некаторы час жыў у ЗША. Сьцьвярджаецца, што ён быў забіты падчас спробы захопу прэзыдэнцкага палацу. Якіх-небудзь падрабязнасьцяў не прыводзіцца.

Раней у фэйсбуку Малянгі зьявілася відэа, у якім ён кажа аб намеры зрынуць улады. Па непацьверджаных паведамленьнях, адзін з затрыманых амэрыканскіх грамадзян — сын забітага апазыцыянэра.

Амбасадарка ЗША ў Конга Люсі Тамлін заявіла, што ў амбасадзе вельмі занепакоеныя паведамленьнямі ўладаў аб магчымым удзеле амэрыканскіх грамадзян у спробе перавароту, і паабяцала аказаць уладам рэспублікі поўнае садзеяньне ў расьсьледаваньні, як гаворыцца ў паведамленьні, «злачынных дзеяньняў» мяцежнікаў.

Малянга быў адным з найбольш вядомых кангалескіх апазыцыянэраў, якія жылі за мяжой. Паведамляецца, што раней ім быў створаны так званы ўрад Новага Заіру ў выгнаньні. Пры прэзыдэнце Мабуту Сэсе Сэка, зьвергнутым у 1997 годзе, цяперашняя Дэмакратычная рэспубліка Конга афіцыйна называлася Заірам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG