Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эйсмант: Лукашэнка можа наведаць ЗША для ўдзелу ў саміце Рады міру і сустрэчы з Трампам

Сустрэча чальцоў Рады міру ў Вашынгтоне 19 лютага 2026 году
Сустрэча чальцоў Рады міру ў Вашынгтоне 19 лютага 2026 году

Аляксандар Лукашэнка сёлета можа ўзяць удзел у пасяджэньні Рады міру, нядаўна створанай на ініцыятыву прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа.

«Калі пасяджэньне будзе сёлета, і калі гэта будзе прымальна для беларускага боку, абавязкова наведаем гэты саміт», — сказала Натальля Эйсмант, прэсавая сакратарка Аляксандра Лукашэнкі, паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.

Апроч таго, яна дадала, што разглядаецца магчымасьць сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША, на якой Лукашэнка «будзе рады абмеркаваць пытаньні міжнароднай павесткі і двухбаковых дачыненьняў».

Сёлета Дональд Трамп запрашаў Лукашэнку ўзяць удзел у першым пасяджэньні Рады міру, якое адбылося 19 лютага ў Вашынгтоне. Але тады, паводле Эйсмант, ён адмовіўся праз ужо складзены працоўны графік і «магчымыя лягістычныя складанасьці, якія могуць узьнікнуць празь незаконныя санкцыі, найперш Эўразьвязу».

На першую сустрэчу лідэраў Рады міру меўся паехаць міністар замежных справаў Максім Рыжанкоў, але ён не атрымаў візу.

Што такое Рада міру

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп абвясьціў аб стварэньні Рады міру, якую ён узначальвае, у студзені на Ўсясьветным эканамічным форуме ў Давосе. Рада мае спрыяць разьвязаньню глябальных канфліктаў. Насуперак першапачатковым заявам, яна мае займацца ня толькі маніторынгам мірнага працэсу ў Газе.

Крытыкі бачаць у Радзе канкурэнта Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў (ААН), якую Трамп рэгулярна крытыкуе. Шмат якія эўрапейскія краіны, у тым ліку Нямеччына і Францыя, адмаўляюцца ўдзельнічаць у працы Рады міру, у якой на гэты час каля двух дзясяткаў сяброў, у тым ліку Вугоршчына, Ізраіль, Беларусь, Катар, Саудаўская Арабія і Турэччына.

Паводле папярэдняй інфармацыі з урадавых колаў ЗША, на першым паседжаньні чакаецца ўдзел прадстаўнікоў як мінімум 20 краін. Перамовы адбудуцца ў Інстытуце міру ЗША ў Вашынгтоне, — паведамляе dpa.

Сярод тэмаў да абмеркаваньня — аднаўленьне Газы, гуманітарная дапамога і разгортваньне стабілізацыйных сілаў.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG