Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Былая палітзьняволеная Кацярына Бахвалава накіравала прэзыдэнту ЗША ліст пра беларускіх палітвязьняў

Кацярына Бахвалава з кіраўніцай «Белсату» Алінай Коўшык па вызваленьні і прымусовым вывазе ў Літву. Вільня, 19 сакавіка 2026 году
Кацярына Бахвалава з кіраўніцай «Белсату» Алінай Коўшык па вызваленьні і прымусовым вывазе ў Літву. Вільня, 19 сакавіка 2026 году

Журналістка «Белсату» Кацярына Бахвалава (Андрэева) накіравала асабісты ліст прэзыдэнту ЗША Дональду Трампу.

У лісьце Кацярына Бахвалава дзякуе за намаганьні ў вызваленьні яе і іншых палітвязьняў, але просіць працягваць — і вызваліць усіх, у тым ліку ейнага мужа, піша Белсат.

Ліст, які перадала журналістка, выказвае глыбокую ўдзячнасьць прэзыдэнту Злучаных Штатаў Дональду Трампу, спэцыяльнаму пасланьніку Джону Коўлу і намесьніку памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША Крыстафэру Сьміту за гуманітарныя намаганьні, якія прывялі да вызваленьня яе самой і яшчэ 249 беларускіх палітвязьняў.

Адначасова Кацярына падкрэсьлівае, што многія яшчэ застаюцца ў зьняволеньні.

«Думаю, што гэтая гуманітарная місія мае гістарычнае значэньне. Да вашых перамоваў зь Менскам многія з нас страцілі надзею. Мы адчувалі сябе вечнымі закладнікамі, бязь яснай будучыні і надзеі на справядлівасьць. У чэрвені 2025 году, калі я стала сьведкай першых вызваленьняў жанчын у межах дамоўленасьцяў паміж Вашынгтонам і Менскам, надзея вярнулася да мяне».

Бахвалава заклікае працягваць дыпляматычныя намаганьні дзеля вызваленьня ўсіх палітвязьняў, у тым ліку журналіста Ігара Ільяша — мужа Кацярыны.

Кацярына Бахвалава (Андрэева) — журналістка тэлеканалу «Белсат». У 2021 годзе Кацярына атрымала 2 гады за стрым з «Плошчы Перамен» у Менску. У зьняволеньні ёй выставілі новае абвінавачаньне — у «здрадзе дзяржаве» — і прысудзілі яшчэ 8 гадоў і 3 месяцы. Вызваліць журналістку ўдалося толькі пасьля перамоваў амэрыканскай адміністрацыі з Лукашэнкам.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG