Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп адклаў абстрэлы іранскай энэргетыкі на 10 дзён «па просьбе» Тэгерану

Дональд Трамп, 23 сакавіка 2026 году
Дональд Трамп, 23 сакавіка 2026 году

Злучаныя Штаты Амэрыкі часова спыняюць баявыя дзеяньні супраць энэргетычнай інфраструктуры Ірану.

«Няхай гэтая заява будзе пацьвярджэньнем таго, што я прыпыняю пэрыяд зьнішчэньня энэргетычнай устаноўкі на 10 дзён, да панядзелка, 6 красавіка 2026 году, 20:00 паводле ўсходняга часу», — напісаў Дональд Трамп у сваёй сацыяльнай сетцы Truth Social 26 сакавіка.

Паводле яго, такое рашэньне ён ухваліў «на просьбу ўраду Ірану».

Прэзыдэнт ЗША таксама сьцьвярджае, што перамовы з Іранам працягваюцца, і, «нягледзячы на хібныя заявы аб супрацьлеглым з боку мэдыяў фэйкавых навін і іншых, яны ідуць вельмі добра».

28 лютага ЗША супольна з Ізраілем пачалі вайсковую апэрацыю супраць Ірану. У выніку ўдараў загінуў лідэр краіны аятола Алі Хамэнэі, пашкоджаныя вайсковыя і ядзерныя аб’екты краіны. Іран у адказ наносіць удары па амэрыканскіх базах і інфраструктуры саюзьнікаў Вашынгтону ў краінах Пэрсыдзкай затокі.

Пасьля пачатку апэрацыі Іран фактычна заблякаваў Армускую затоку, якая аб’ядноўвае Пэрсыдзкую затоку з усясьветным акіянам. Затока мае стратэгічнае значэньне, паколькі празь яе ідзе пастаўка нафты з краіны Пэрсыдзкай затокі на ўсясьветны рынак.


Вайсковая апэрацыя ЗША і Ізраілю супраць Ірану

28 лютага Дональд Трамп аб’явіў аб пачатку супольнай з Ізраілем маштабнай ваеннай апэрацыі супраць рэжыму ў Іране. Патрэбу ў апэрацыі зьвязалі з правалам перамоваў аб іранскай ядзернай праграме.

Аятала Алі Хамэнэі й іншыя прадстаўнікі найвышэйшага іранскага кіраўніцтва былі забітыя. Прэзыдэнт Ірану Масуд Пэзэшкіян назваў забойства Хамэнэі страшным злачынствам і паабяцаў адпомсьціць. Іран пачаў апэрацыю ў адказ і нанёс удары па амэрыканскіх аб’ектах на Блізкім Усходзе.

Масква наўпрост асудзіла агрэсію Ізраілю і ЗША супраць Ірану. Улады Беларусі адрэагавалі стрымана. Лукашэнка ў першыя два дні пасьля гібелі Хамэнэі не сказаў ані слова, а МЗС Беларусі 28 лютага двойчы выступіў з заявамі. У адной прагучала заклапочанасьць абвастрэньнем канфлікту вакол Ірану. У другой заяве атака на Іран асуджаецца, але Ізраіль і ЗША не названыя, акцэнт робіцца на гуманітарным аспэкце.

Беларуская дзяржаўная авіякампанія «Белавія» празь небясьпеку ўзаемных абстрэлаў на Блізкім Усходзе скасавала шэраг рэйсаў і 2 сакавіка накіравала эвакуацыйны самалёт зь Менску ў Доху, каб забраць беларускіх турыстаў, што апынуліся ў Катары, які таксама абстрэльваў Іран.

Паводле іранскага таварыства Чырвонага Паўмесяца, у Іране загінулі больш за 200 чалавек, параненыя больш за 700. Паводле іранскага інфармацыйнага агенцтва IRNA, 118 чалавек сярод загінулых — школьнікі.

Афіцыйныя асобы Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў заявілі пра трох загінулых і 58 параненых у краіне з пачатку іранскіх атак на рэгіён Пэрсыдзкай затокі, якія сталі адказам на ваенныя апэрацыі ЗША і Ізраілю.

У выніку іранскага ракетнага ўдару па горадзе Бэйт-Шэмэш у Ізраілі, што за 40 км ад Ерусаліму, як мінімум 9 чалавек загінулі і 28 атрымалі раненьні. З пачатку новага абвастрэньня па тэрыторыі Ізраілю рэгулярна б’юць ракетамі.

2 сакавіка да баявых дзеяньняў у рэгіёне далучылася праіранская ісламісцкая групоўка «Хэзбала», якая пачала з тэрыторыі Лібану абстрэльваць Ізраіль.

У наступныя дні іранскія войскі працягвалі наносіць удары па Саудаўскай Арабіі, Бахрэйне, ААЭ, Кувэйце за іх супрацу з амэрыканцамі па разьмешчаных там амэрыканскіх актывах, а таксама па гатэлях і іншых аб’ектах. ЗША і Ізраіль працягнулі ўдары па вайсковых аб’ектах Ірану.

8 сакавіка іранская Асамблея экспэртаў абрала Муджтабу Хамэнэі новым кіраўніком краіны. Гэта 56-гадовы сын забітага паветранай атакай Алі Хамэнэі. Жонка Муджтабы Хамэнэі, Захра Хадад Адэль, таксама загінула падчас таго ж амэрыканска-ізраільскага ўдару, у якім быў забіты яе цесьць — найвышэйшы кіраўнік (рахбар) Ірану.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG