Забарона будзе дзейнічаць у адносінах краінаў ЭАЭС. Адпаведны ўказ падпісаў кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін. Дакумэнт апублікаваны на партале прававой інфармацыі, піша «Коммерсантъ».
Фізычныя асобы з 1 красавіка ня змогуць вывозіць у Беларусь, Армэнію, Казахстан і Кіргізстан валюту ў гатоўцы ў суме, якая перавышае эквівалент $100 тыс. паводле афіцыйнага курсу Цэнтрабанку Расеі на дзень вывазу.
Для юрыдычных асобаў і ІП абмежаваньні дзейнічаюць незалежна ад сумы.
Ва ўказе сказана, што выняткі ўводзяцца для вывазу сродкаў праз паветраныя пункты пропуску, якія вызначаюцца ўрадам. Вываз расейскай валюты запатрабуе наяўнасьці банкаўскай выпіскі, заверанай крэдытнай арганізацыяй, якая выдала сродкі.
Дакумэнт павінен пацьвярджаць зьняцьце грошай з банкаўскага рахунку фізычнай, юрыдычнай асобы або ІП, якія ажыцьцяўляюць вываз.
З 1 траўня таксама ўводзіцца забарона на вываз афінаванага (ачышчанага) золата ў зьлітках масай больш за 100 грамаў для ўсіх катэгорый грамадзян і арганізацый. Вынятак зроблены для вывазу праз аэрапорты Ўнукава, Дамадзедава, Шарамецьцева і Ўладзівастоку (Кневічы) пры наяўнасьці дазволу Фэдэральнай прабірнай палаты.
Для юрыдычных асобаў і ІП прадугледжваецца магчымасьць вывазу золата за межы ЭАЭС без абмежаваньняў па вазе пры выкананні ўстаноўленых працэдураў. Крэдытныя арганізацыі змогуць вывозіць валюту і каштоўныя мэталы без абмежаваньняў.
Форум