27 сакавіка — Міжнародны дзень тэатру, устаноўлены кангрэсам Міжнароднага інстытуту тэатру ў 1961 годзе.
Дзень у гісторыі
1507 — падчас каранацыйных урачыстасьцяў Жыгімонта Старога памёр віленскі біскуп Войцех Табар
1918 — Рада БНР абвясьціла, што бярэ на сябе ўсю паўнату ўлады ў Беларусі.
1986 — роўна за месяц да чарнобыльскай аварыі газэта «Літаратурная Ўкраіна» надрукавала артыкул пра нізкую якасьць будаўніцтва Чарнобыльскай АЭС. Аўтарам была маладая журналістка з Прыпяці Любоў Кавалеўская.
2020 — праз каранавірус Купалаўскі тэатар паказаў спэктакаль „Паўлінка“ анлайн, за адзін вечар яго паглядзелі 27 тысяч чалавек.
У гэты дзень нарадзіліся
1852 — Аляксей Сапуноў, гісторык, краязнавец, дасьледнік культуры.
1891 — Клаўдзі Дуж-Душэўскі, беларускі архітэктар, выдавец, журналіст, грамадзкі дзеяч, які распрацаваў узор сьцяга БНР.
1909 — Валеры Маракоў, беларускі паэт і перакладчык. Ахвяра сталінскіх рэпрэсій супраць беларускай інтэлігенцыі. Калі ў 1936 годзе Валерыя Маракова арыштавалі, то сьледчыя зьдзіўляліся яго нязломнасьці. Ён не прызнаў сябе вінаватым і нікога ня выдаў.
Чалавек — гэта вам ня мумія,
ўзяў са склепу
і выштурхнуў вон,
чалавек —
гэта сад
з залатымі думамі,
дзе па жылах праходзіць
блакітны агонь.
1923 — Алесь Рылько, празаік і драматург.
1924 — Павал Урбан, беларускі гісторык, грамадзкі дзеяч.
1927 — Аляксандра Данілава, архітэктарка.
1963 — Квэнтын Тарантына, амэрыканскі рэжысэр, сцэнарыст, актор і прадусар.
У памяці
1968 — загінуў Юры Гагарын, першы касманаўт
1979 — памёр Рыгор Крушына, беларускі паэт.
Ні радзімы, ні сяброў.
Зноў сябе крыжую:
Чую гоман чужакоў,
Гутарку чужую.
Горкіх думак чарнамуць,
У сашчэпе бровы...
Хочам вогнішча разьдзьмуць
3 роднае дубровы.
А расьце сьмяротны страх:
Дойдзем ці прыстанем...
Усьміхніся мне, сястра,
Брату на выгнаньні.
2006 — памёр Станіслаў Лем, польскі пісьменьнік-фантаст.
«Мы зусім ня хочам заваёўваць космас, мы хочам проста пашырыць да яго абсягаў Зямлю». («Салярыс»)
https://smarturl.click/MAzp