Расейская служба Радыё Свабода расказала пра расейца Данілу (прозьвішча не называюць дзеля бясьпекі), якога насуперак закону прызвалі ў войска і зьбіраліся накіраваць на вайну супраць Украіны.
Малады мужчына дэзэртаваў і цяпер хаваецца ад перасьледу ў Казахстане. Падобных гісторыяў усё больш, сьведчаць экспэрты і валянтэры, якія сочаць за лёсамі расейскіх дэзэртыраў.
Даніла родам з Калінінграду, яму 31 год. Паводле веравызнаньня ён баптыст. Калі восеньню 2022 году падчас абвешчанай у Расеі мабілізацыя яго выклікалі ў вайсковы камісарыят, Даніла пазначыў у дакумэнтах, што ня можа браць у рукі зброю, і напісаў заяву аб накіраваньні яго на альтэрнатыўную цывільную службу. Але ў камісарыяце пра такое і слухаць не хацелі. Ухіліцца ад службы ў войску не дапамагло і тое, што ў вайсковым шпіталі маладому чалавеку пацьвердзілі дыягназ «бранхіяльная астма», зь якім звычайна адпраўляюць у запас. Данілу сказалі, што ён усё роўна паедзе на вайну, а калі не паедзе — супраць яго завядуць крымінальную справу аб адмове выконваць загад. Даніла зьвярнуўся ў суд.
Пакуль ішоў судовы працэсы, ён жыў у частцы пад Калінінградам, хадзіў на нарады, а тым часам на яго вачах змабілізаваных адпраўлялі на вайну ва Ўкраіну.
«Барты былі кожны тыдзень», — успамінае Даніла.
Першы суд ён прайграў, абскардзіў рашэньне, але другога ня стаў чакаць і ўцёк з часткі. Самалётам дабраўся да Масквы, адтуль да Новасібірску, а ў Казахстан прыехаў на таксі і гэтак стаў дэзэртырам. На радзіме абвясьцілі яго фэдэральны вышук за самавольнае пакіданьне часткі, зараз яму пагражае ад 5 да 10 гадоў пазбаўленьня волі.
У Казахстане Даніла працуе зварнікам, мае часовы дазвол на жыхарства. Зрабіць дакумэнты Данілу дапамаглі такія ж, як ён, уцекачы з Расеі — дэзэртыры з расейскага войска. Паводле экспэртаў, іх у Казахстане ўжо некалькі тысяч чалавек.
Паводле зьвестак праекту Frontelligence Insight, узровень дэзэртырства ў расейскім войску ў 2025 годзе амаль падвоіўся ў параўнаньні з 2024-м. Як лічаць дасьледнікі, за год з расейскіх падразьдзелаў маглі зьбегчы ня менш як 70 тысяч чалавек. З пачатку вайны да жніўня 2025 году за дэзэртырства ў Расеі асудзілі больш за 18 тысяч чалавек.
Паводле праекту «Ідзіце лесам», які дапамагае расейскім вайскоўцам зьбегчы з фронту і пакінуць краіну, у студзені і лютым 2026 году зваротаў да праекту пабольшала на 30 працэнтаў.
Форум