Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У сталіцы Літвы за чарговы надпіс па-беларуску «Вільня наша» затрымалі падлетка

абноўлена
Графіці на адным з будынкаў у Вільні, архіўнае фота
Графіці на адным з будынкаў у Вільні, архіўнае фота

Раней улады Літвы заяўлялі, што падобныя акцыі арганізуюць спэцслужбы «варожых дзяржаваў». Да іх у Літве адносяць Расею і Беларусь.

У сераду 25 сакавіка ў Вільні затрымалі непаўналетняга, які напісаў фарбай на набярэжнай «Вільня наша», паведаміла паліцыя, на якую спасылаецца delfi.lt.

Пачалі дасудовае расьсьледаваньне факту парушэньня грамадзкага парадку.

Пазьней з словаў сьведкі здарэньня, які злавіў непаўналетняга, Літоўская тэлевізія расказала дэталі затрыманьня: затрыманы казаў, што яму 14 гадоў, расплакаўся, прасіў прабачэньня.

«Ён сказаў, што не хацеў нічога маляваць, што зрабіў гэта, бо яму пагражалі, што калі ён не намалюе гэтыя словы і не сфатаграфуе, ягоны дом спаляць», — дадаў апытаны.

Паліцыянты, якія прыехалі на выклік, сказалі, што ведаюць гэтага маладога чалавека. Акрамя таго, сьведку ўразіла, што падлетак размаўляў па-літоўску без акцэнту.

«Ня ведаю, як у іншых, але тут няма ніякай нянавісьці, чалавек, які намаляваў гэта, хутчэй за ўсё, сам ахвяра... Хтосьці маніпулюе імі вельмі сыстэматычна», — разважаў сьведка.

Пазьней паліцыя паведаміла таксама, што імя і прозьвішча затрыманага — літоўскія.

Крымінальны кодэкс Літвы прадугледжвае, што асоба, якая ў грамадзкім месцы праяўляе непавагу да іншых або навакольля дзёрзкімі паводзінамі, пагрозамі або вандалізмам і парушае грамадзкі парадак, караецца грамадзкімі працамі або штрафам, абмежаваньнем волі, арыштам або пазбаўленьнем волі да двух гадоў.

Раней помнік каралю Міндоўгу ў Вільні таксама стаў цэльлю вандалаў. На яго пастамэнце 17 лютага нанесьлі фарбай надпіс па-беларуску «Вільня наша».

Быў падобны надпіс і на адным з мастоў у Вільні.

Хто замаўляе падобныя акцыі

Як паведамляла агенцтва BNS, раней Другі дэпартамэнт апэратыўных службаў (вайсковая выведка Літвы) заявіў, што «назірае актыўную дзейнасьць службаў выведкі і бясьпекі варожых дзяржаваў у сацыяльных сетках, падчас якой робяцца спробы вэрбаваць жыхароў краіны».

«На інтэрнэт-плятформах для перапіскі распаўсюджваюцца прапановы выконваць заданьні ў Літве, якія адпавядаюць інтарэсам варожых дзяржаваў, — фіксуюцца выпадкі, калі асобы, якія часьцей за ўсё называюць сябе імёнамі і прозьвішчамі замежных грамадзян, за ўзнагароджаньне просяць распаўсюджваць допісы, якія распальваюць этнічную варожасьць», — гаворыцца ў заяве.

У адным з зафіксаваных выведкай Літвы выпадкаў у Telegram вэрбаваную асобу просяць распаўсюдзіць улёткі з тэкстам «Вільня наша», за выкананую працу прапануецца ўзнагарода.

Вэрбуюць рознымі спосабамі — чалавекам могуць маніпуляваць або шантажаваць яго, карыстаючыся такімі ўразьлівасьцямі, як дрэннае фінансавае становішча, залежнасьць або ідэалёгія.

Пры вэрбаваньні ў сацыяльных сетках спачатку просяць выканаць нескладаныя заданьні — абліць помнік фарбай, нанесьці надпісы на сьцены або распаўсюдзіць плякаты, улёткі, налепкі палітычнага характару.

Пазьней прапануюць больш складаныя заданьні — завэрбаваных могуць прасіць шпіёніць: назіраць, фатаграфаваць і адпраўляць службам выведкі і бясьпекі варожых дзяржаваў сабраную інфармацыю аб вайсковых частках Узброеных сілаў Літвы, месцах дысьлякацыі сілаў NATO, аб перамяшчэньнях вайсковага транспарту дарогамі Літвы, аб асабліва важнай інфраструктуры.

Пазьней прапануецца ўчыняць дывэрсійныя акты ў Літве і замежных дзяржавах. Паводле наяўных у літоўскай выведкі доказаў, замоўцамі выступаюць асобы, зьвязаныя з службамі выведкі і бясьпекі варожых дзяржаваў, таму жыхароў заклікаюць захоўваць пільнасьць і не прымаць прапановаў выканаць заданьні, якія маюць прыкметы незаконнай дзейнасьці.

Як пісала раней агенцтва BNS, у лютым жыхароў папярэджваў і Дэпартамэнт дзяржаўнай бясьпекі Літвы, які паведамляў, што КДБ Беларусі распаўсюджвае відэазапіс, у якім, заклікаючы пагаварыць пра незадаволенасьць літоўскімі ўладамі, актыўна прыцягвае патэнцыйных агентаў.

Тэмы гэтага артыкулу
XS
SM
MD
LG