Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Наша будучыня залежыць ад кожнага з нас». Старшыня Рады БНР павіншавала беларусаў з Днём Волі

Сьвяткаваньне Дня Волі ў Таронта, Канада. 21 сакавіка 2026 году
Сьвяткаваньне Дня Волі ў Таронта, Канада. 21 сакавіка 2026 году

Старшыня Рады Беларускай Народнай Рэспублікі Івонка Сурвіла заявіла, што беларусы — эўрапейскі народ, які павінен быць у дэмакратычнай Эўропе.

«25 сакавіка 1918 году наш народ, пасьля амаль паўтара стагодзьдзя няволі, абвясьціў сьвету, што ён „скідае з роднага краю апошняе ярмо дзяржаўнай залежнасьці, якую гвалтам накінулі расейскія цары на наш вольны і незалежны край“. Хачу прыпомніць тут, што наш нацыянальны герой Кастусь Каліноўскі ўжо паўстагодзьдзя раней папярэджваў наш народ, што зажыве ён свабодна толькі, калі маскаля над ім ня будзе. Гэтыя словы нашая гісторыя пацьвярджае», — адзначаецца ў віншаваньні беларусаў з Днём Волі.

Паводле яе, менавіта бальшавіцкая Расея патапіла ў крыві незалежнасьць Беларускай Народнай Рэспублікі.

«Менавіта з Масквы ішлі загады на зьнішчэньне ў Курапатах нацыянальнай творчай і навуковай эліты, на ліквідацыю працавітага сялянства. Памкненьні беларусаў да свабоды і незалежнасьці свайго краю нязьменна душыліся. Нам даводзілася цярпець і фізычны, і духоўны Чарнобыль. А нядоўгі час нацыянальнага Адраджэньня быў спынены стаўленікам Масквы Лукашэнкам», — адзначыла Івонка Сурвіла.

«На жаль, пасьля ледзь не стагодзьдзя акупацыі і хітрай прапаганды з боку тае самае Масквы, сьвет забыўся пра беларусаў, пакуль наш народ ня прыпомніў яму ў 2020 годзе пра нашае існаваньне! Толькі дзякуючы вашаму гераізму і адвазе сотняў тысяч беларусаў, якія выйшлі пад бел-чырвона-белымі сьцягамі на вуліцы Беларусі, мы аджылі! Калі б зноў ня ўмяшалася Масква, магчыма мы ўжо жылі б у нашым вольным краю. І не змагаліся б сёньня за вызваленьне тысячаў палітычных вязьняў, якія яшчэ ўсё сядзяць за кратамі ў Беларусі», — сказала старшыня Рады БНР.

Паводле яе, беларусы не павінны дазваляць адвечным ворагам зьдзекавацца над сабой толькі таму, што гэта выгадна аднаму чалавеку.

«Не давайце нікому называць вас агрэсарамі суседняй краіны. Мы стары эўрапейскі народ, нашае месца ў дэмакратычнай Эўропе, і толькі тады, калі мы станемся незалежнымі ад так званага „старэйшага брата“ — толькі тады мы зоймем тое пачэснае месца між цывілізаванымі народамі сьвету, на якое мы маем поўнае права! Хочацца верыць, што тады ні Масква, ні тэрор ня згасяць тае паходні, якую мы будзем несьці шчыльнымі радамі наперад», — заклікала Івонка Сурвіла.

«Прашу тых з вас, хто яшчэ не далучыўся да змаганьня за волю і незалежнасьць Бацькаўшчыны, каб памяталі, што будучыня наша залежыць ад кожнага і кожнае з нас. Так, як нашыя продкі ў 1918 годзе, разам мы вызвалім наш мілы і чароўны край», — дадала старшыня БНР.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG