Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы ўдарылі па Дніпры, Львове, Віньніцы і Івана-Франкоўску. Ёсьць ахвяры

Наступствы ўдару па жылым доме ў Дніпры
Наступствы ўдару па жылым доме ў Дніпры

Расея працягвае атакаваць цывільнае насельніцтва Ўкраіны. У ноч на 24 сакавіка абстрэлаў зазналі некалькі рэгіёнаў. Колькасьць пацярпелых павялічваецца.

У Дніпры колькасьць параненых у выніку расейскага ўдару ў ноч на 24 сакавіка павялічылася да 13 чалавек. Пра гэта напісаў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі Аляксандар Ганжа.

«У выніку расейскага нападу ў Дніпры ўжо пацярпелі трое дзяцей. Яшчэ адной 9-гадовай дзяўчынцы лекары аказалі дапамогу. Яна будзе лячыцца амбуляторна. Агулам у выніку варожага ўдару пацярпелі 13 чалавек. Трое зь іх шпіталізаваныя», — паведаміў кіраўнік Днепрапятроўскай абласной ваеннай адміністрацыі.

Раней было вядома пра восем параненых. Паводле зьвестак уладаў, у выніку расейскага нападу ў горадзе пашкоджаныя восем жылых дамоў і два дзіцячыя садкі.

Акрамя таго, расейскі дрон даляцеў да Львова, дзе ўдарыў па цэнтры гораду. Два чалавекі зазналі цяжкіх раненьняў. Кіраўнік мясцовай ваеннай адміністрацыі Максім Казіцкі паведаміў, што з папярэдняй інфармацыі вядома пра ўдар расейцаў па будынку, што ўваходзіць у спадчыну UNESCO.

Мэр Львова Андрэй Садавы сказаў, што яшчэ адзін расейскі «Шахед» быў накіраваны ў цэнтар гораду, а папярэдні трапіў у жылы будынак у спальным раёне, і там загарэўся шматпавярховік.

У Віньніцы ад расейскай атакі загінуў мужчына 59 гадоў. 11 чалавек атрымалі раненьні.

У цэнтры Івана-Франкоўску ў выніку атакі дронаў загінулі 2 чалавекі. Яшчэ 4, у тым ліку дзіця, пацярпелі. У горадзе пашкоджаныя будынкі гарадзкой і абласной радзільняў, а таксама каля 10 жылых дамоў.

Раней стала вядома пра ўдары расейцаў па Палтаве і Запарожжы. Там былі ахвяры.


Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
XS
SM
MD
LG