Пра станоўчую статыстыку расказаў намесьнік дырэктара ў лекарскай працы РНПЦ пульманалёгіі і фтызыятрыі Аляксандар Бабчонак на прэс-канфэрэнцыі ў Менску 23 сакавіка. Паводле ягонай інфармацыі, у 2025 годзе на сухоты захварэлі 11 непаўналетніх, зь іх шэсьць падлеткаў.
У дзяцей гэтак жа, як і ў дарослых, сустракаюцца нялёгачныя формы сухотаў (вачэй, скуры, касьцёва-сустаўны), якія даволі цяжкія для дыягностыкі, адзначыў лекар, якога цытуе «Позірк».
Паводле ягоных словаў, 15 гадоў таму ў амаль палове выяўленых у дзяцей выпадкаў сухоты мелі множную лекавую устойлівасьць (форма хваробы, пры якой бактэрыі не рэагуюць на стандартныя процісухотныя прэпараты, таму лячэньне становіцца даражэйшым, складанейшым і даўжэйшым).
«Мы першымі з усіх краін СНД укаранілі новыя прэпараты ў лекаваньні дзяцей, падлеткаў і нават дзяцей малодшага ўзросту», — заявіў прадстаўнік РНПЦ.
Паводле яго, гэта дапамагло «зьліквідаваць цяжкія выпадкі <…> і хуткую хаду захворваньня».
Зьвесткі Міністэрства аховы здароўя гавораць, што прышчэпленыя дзеці хварэюць у 15 разоў радзей за непрышчэпленых, і пераносяць інфэкцыю значна лягчэй.
У 2025 годзе паказьнік захворваньня на сухоты склаў у Беларусі 13,2 выпадкі на 100 тыс. насельніцтва, сьмяротнасьць зьнізілася на 18,2%, яе паказьнік — менш за 1 на 100 тыс. насельніцтва.
Форум